Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прэсавыя службы сілавых структураў у разгубленасьці 11:03, 11/06/2001
Прэсавыя службы МУС, КДБ і Генпракуратуры адмовіліся камэнтаваць ліст супрацоўніка сьледчай групы па справе Завадзкага Зьміцера Петрушкевіча, які абвінавачае ўладу ў выкраданьні людзей. “Наогул гэты ліст я прачытаў на вашым сайце. Перш перакінуўся словам зь міністрам Навумавым і ён паведаміў, што магчыма, сам пракамэнтуе гэты ліст. Вы ж разумееце. Гэта такое сур’ёзнае абінавачваньне. Яно закранае нават не МУС, а штосьці больш высокае”, -- пракамэнтаваў прэсаваму цэнтру Хартыі’97 сэнсацыйны ліст сьледчага генпракуратуры прэсавы сакратар МУС Зьміцер Партон.
А вось як адрэагаваў на гэты ж ліст кіраўнік Цэнтра інфармацыі й грамадзкіх сувязяў КДБ Фёдар Котаў: “Які ліст? Што за ліст? Хто напісаў? Мне ж ня пішуць. Палкоўніку ніхто ня піша. А наогул, паколькі кантрольны пакет інфармацыі па справе Завадзкага знаходзіцца ў пракуратуры, то КДБ камэнтаваць гэты ліст адмаўляецца”.
Начальнік прэсавага цэнтра Рэспубліканскай пракуратуры Аляксей Транаў, хаця і не палкоўнк, як герой Маркеса й Фёдар Котаў, але гледзячы на ягоную рэакцыю, ліст яму таксама ніхто не піша:”Хто які ліст напісаў? Яшчэ не чытаў. Трэба абавязкова пачытаць”.