Беларусь не будзе ваяваць супраць амерыканскага ПРА
8- 12.10.2007, 9:36
Беларусь не збіраецца размяшчаць на сваёй тэрыторыі новыя вайсковыя аб'екты ў сувязі з планамі разгортвання элементаў амерыканскай проціракетнай абароны (ПРА) у Польшчы. Пра гэта заявіў 11 кастрычніка на сустрэчы з расейскімі журналістамі ў Менску першы намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сілаў генерал-маёр Пётр Ціханоўскі.
"Мы не збіраемся будаваць штосьці незвычайнае з вайсковых аб'ектаў на сваёй тэрыторыі", – падкрэсліў ён.
У той самы час Пётр Ціханоўскі адзначыў, што Беларусь "расцэньвае размяшчэнне элементаў ПРА ў Польшчы як неправамерныя дзеянні ў дачыненні суседніх краін".
Паводле яго слоў, Узброеныя Сілы Беларусі гатовыя адэкватна рэагаваць на любыя змяненні становішча. "Але мы разумеем, што элементы ПРА накіраваныя найперш супраць Расеі. Беларусь застаецца надзейным саюзнікам. Сумесная групоўка войскаў Беларусі і Расеі – гэта пацверджанне таго, што мы гатовыя сумесна вырашаць ваенныя задачы", – канстатаваў Пётр Ціханоўскі.
Нагадаем, што амбасадар Расеі ў Беларусі на сваёй апошняй прэс-канферэнцыі заявіў, што Расея не выключае размяшчэння ў Беларусі ядзернай зброі.