Дзярждэпартамент ЗША вітае правядзенне Еўрапейскага Марша ў Менску
- 12.10.2007, 10:37
Дзярждэпартамент ЗША вітае правядзенне ў Менску Еўрапейскага Марша. Прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Том Кейсі ў спецыяльнай заяве заклікаў беларускія ўлады не замінаць удзелу беларускіх грамадзян у маршы і вызваліць затрыманых раней арганізатараў Еўрапейскага Марша. «Мы вітаем ініцыятыву грамадзян Беларусі арганізаваць 14 кастрычніка Еўрапейскі Марш, які падкрэслівае іх гатоўнасць жыць у свабоднай Беларусі, якая прызнае ўніверсальныя каштоўнасці дэмакратыі і свабоды», – заявіў Том Кейсі.
«Рашэнне менскіх улад дазволіць Марш натхняе. Тым не менш, мы заклапочаныя прэвентыўнымі арыштамі і затрыманнямі арганізатараў мерапрыемства, а таксама іншымі дзеяннямі беларускіх улад, распачатымі, каб перашкодзіць правядзенню Марша. Мы заклікаем урад Беларусі дазволіць усім грамадзянам бесперашкодна ўзяць удзел у гэтай мірнай дэманстрацыі і выказаць свае погляды без уціскаў, умяшання або пагроз. Мы таксама заклікаем праваахоўныя органы не замінаць дэманстрантам», – заявіў Том Кейсі.
Прадстаўнік Дзярждэпартамента заявіў, што ЗША заклапочаныя станам палітвязняў Беларусі і заклікаюць неадкладна іх вызваліць.