10 студзеня 2025, Пятніца, 0:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускую дэлегацыю далей прыёмнай Мілера не пусцілі?

13

Анансаваныя на 11 кастрычніка перамовы паміж беларускімі Міністэрствам энергетыкі і ААТ "Белтрансгаз" і расейскім ААТ "Газпром", судзячы па адсутнасці жадання ў бакоў штосьці каментаваць, складаліся ў тым, што беларускі бок амаль увесь дзень праседзеў у прыёмнай кіраўніка расейскай кампаніі Мілера, а гаваркі прадстаўнік Газпрома Сяргей Купрыянаў у гэты дзень і зусім адсутнічаў у офісе кампаніі.

"Нейкія кантакты, магчыма, былі", – неяк няўпэўнена пракаментаваў БелаПАН Сяргей Купрыянаў гэтыя перамовы, адзначае АФН.

Як паведамлялася, міністр энергетыкі Беларусі Аляксандр Азярэц і генеральны дырэктар ААТ "Белтрансгаз" Уладзімір Маёраў 11 кастрычніка прыбылі ў Маскву для перамоваў з кіраўніцтвам ААТ "Газпром".

"На сустрэчы плануецца абмеркаваць пастаўкі газу ў Беларусь з Расеі ў 2008 годзе, а таксама наяўныя пастаўкі да канца 2007 года. Бакі разгледзяць і іншыя актуальныя пытанні супрацоўніцтва", – гаворыцца ў паведамленні з спасылкай на прэс-службу Міністэрства энергетыкі Беларусі.

Адказваючы на пытанні БелаПАН, афіцыйны прадстаўнік "Газпрома" яшчэ раз нагадаў, што "дамова аб аб'ёмах і цане на газ была падпісаная летась і ў ёй выразна прапісаныя ўмовы пастаўкі".

"Дамову мы падпісалі да 2011 года і будзем яе прытрымлівацца, ніякіх іншых дамоў мы падпісваць не збіраемся", – заявіў Купрыянаў.

У сваю чаргу беларускі бок пакуль не каментуе вынікі ўчорашніх перамоваў.

"Патэлефануеце праз гадзіну", – параіў памочнік міністра энергетыкі Андрэй Жукаў.

Учора ў прэс-службе Мінэнергетыкі паабяцалі даць інфармацыю пра вынікі перамоваў да раніцы 12 кастрычніка.

Нагадаем, што пяцігадовы кантракт на пастаўку і транзіт газу ў Беларусь у 2007–2011 гг. быў падпісаны 31 снежня 2006 года ў Маскве. Дакументам была вызначаная цана расейскага газу для Беларусі на 2007 год (100 даляраў за 1 тыс. куб. м) і формула цаны з 1 студзеня 2008 года (адпаведная формуле цаны пры пастаўках расейскага газу ў Еўропу).

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках