10 студзеня 2025, Пятніца, 1:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мiкола Статкевiч: «Наш выбар паміж Еўропай і Азіяй»

“Мы перад выбарам. Гэта непазбежны i просты выбар — памiж свабодным сяброўствам у сям'i дэмакратычных заможных краiн i роляй васала цi нават часткi iмперыi, памiж свабодай i ўсё больш кiруемай “дэмакратыяй”, памiж Еўропай i Азiяй, у рэшце рэшт. Безумоўна, стратэгiчнае партнёрства з Расiяй вельмi важнае для Беларусi. Але ажыццяўляць гэтае партнёрства нам лепш праз агульную мяжу Еўрасаюза”, -- заявіў у інтэрв’ю “Народнай волі” сустаршыня Еўрапейскай кааліцыі, старшыня аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч.

— Спадар Мікола, адразу пасля вызвалення з “хiмii” вы прапанавалi Кангрэсу дэмакратычных сiл еўрапейскую стратэгiю. Вашы апаненты сцвярджаюць, што пытанне еўраiнтэграцыi Беларусi зараз неактуальнае, што гэта пытанне знешняй палiтыкi, а выбаршчыкаў хвалююць толькi сацыяльныя даброты. Тым не менш вы працягваеце адстойваць сваю пазiцыю. Чаму?

— Так, сапраўды, большую частку выбаршчыкаў хвалюе найперш уласны дабрабыт. Але калi дэмакратычныя сiлы прапануюць iм сацыяльныя праграмы, то сутыкаюцца з выразным недаверам грамадства. Калi ж тыя самыя праграмы агучвае Лукашэнка, нават “пазычыўшы” iх у апазiцыi, то яму вераць. Прычына гэтага не столькi ў манаполii на сродкi масавай iнфармацыi, колькi ў iснаваннi ў свядомасцi людзей трывалай сувязi памiж дэмакратамi i трансфармацыйным шокам пачатку 1990-х. Лукашэнка ж звязваецца ў гэтай свядомасцi з пераадоленнем крызiсу, з паляпшэннем дабрабыту. Нават пры пагаршэннi сацыяльна-эканамiчнай сiтуацыi, як гэта было ў 2002 годзе, падзенне яго рэйтынгу не выклiкае павышэння рэйтынгу апазiцыi. Беларускi рэжым iмкнецца захаваць у грамадскай свядомасцi сувязь памiж дэмакратыяй i хаосам у эканомiцы. Яго прапагандысцкая машына пастаянна апавядае аб цяжкасцях жыцця ва Украiне i Грузii, дзе, дарэчы, узровень жыцця расце хутчэй, чым у нас.

Разарваць уяўную сувязь памiж апазiцыяй i жабрацтвам можна, толькi навязаўшы грамадству новую, значна больш прывабную за сённяшнюю беларускую рэальнасць, асацыяцыю з дэмакратыяй. Народы суседнiх балтыйскiх краiн i Польшчы таксама перажылi цяжкi трансфармацыйны крызiс. Але яны не адмовiлiся ад дэмакратыi, дамаглiся далучэння сваiх краiн да ЕС i зараз маюць значна вышэйшы, чым беларусы, узровень жыцця. Не трэба “вынаходзiць веласiпед”. Апеляцыя асобна да “кiлбасы” i асобна да свабоды поспеху не мае. Беларускiя дэмакратычныя сiлы павiнны зрабiць галоўным, як некалi iх калегi ў Польшчы i Прыбалтыцы, лозунг еўраiнтэграцыi, якая адначасова ўвасабляе i кiлбасу, i свабоду. Дарэчы, гэта адзiны магчымы папулярны лозунг апазiцыi, якi рэжым не ў стане прысвоiць, бо прэтэнзii на сяброўства ў ЕС вымагаюць наяўнасцi дэмакратычнай улады ў краiне-прэтэндэнце.

— Але цi актуальны гэты лозунг для Беларусi? Наша краiна зараз не адпавядае патрабаванням Еўрапейскага Саюза. Мо сапраўды спачатку варта зрабiць “еўрарамонт” у беларускiм доме, а ўжо потым гаварыць аб месцы ў ЕС?

— Неабходнасць еўраiнтэграцыi Беларусi зрабiлася вiдавочнай ужо даўно. Мы “зацiснуты” памiж ЕС, якi з'яўляецца самым буйным i багатым рынкам планеты, i Расiяй, якая iмкнецца да адраджэння iмперскай велiчы i намагаецца ўзяць пад кантроль спачатку беларускую эканомiку, а потым i ўсю дзяржаву. Цi доўга мы здолеем у адзiноце супрацiўляцца гэтаму цiску? Гэта на дапамогу маленькiм Эстонii цi Латвii адразу паднiмаецца ўся Еўропа. А хто дапаможа нам? Мы перад выбарам. Гэта непазбежны i просты выбар — памiж свабодным сяброўствам у сям'i дэмакратычных заможных краiн i роляй васала цi нават часткi iмперыi, памiж свабодай i ўсё больш кiруемай “дэмакратыяй”, памiж Еўропай i Азiяй, у рэшце рэшт. Безумоўна, стратэгiчнае партнёрства з Расiяй вельмi важнае для Беларусi. Але ажыццяўляць гэтае партнёрства нам лепш праз агульную мяжу Еўрасаюза.

Што тычыцца нашай падрыхтаванасцi да сяброўства ў ЕС... Так, трапiць туды няпроста, дый патрабаваннi для гэтага вельмi жорсткiя. Але ж на любое добрае месца трапiць нялёгка, лёгка толькi ў кепскае. Калi нашы заходнiя суседзi паставiлi за мэту сяброўства ў ЕС, яны таксама не задавальнялi крытэрыям гэтага сяброўства. Але сама мэта еўрапейскай будучынi зрабiлася моцным стымулам да рэформ. Менавiта гэтая мэта прымусiла iх пайсцi на мадэрнiзацыю народнай эканомiкi, удасканальваць дэмакратычныя механiзмы. Каб перамагчы ў барацьбе за дэмакратыю ў беларускiх умовах, таксама патрэбны магутны стымул да перамен для большасцi грамадства. Такiм стымулам будзе еўрапейская iдэя.

— Многiя ў Беларусi лiчаць, што як так званая саюзная дзяржава, так i ЕС пагражаюць незалежнасцi нашай краiны, i беларусам трэба жыць асобна ад iх. Цi маюць яны рацыю?

— Калi казаць пра так званую саюзную дзяржаву, то пагроза суверэнiтэту — самая рэальная. Цесны саюз дзвюх дзяржаў, адна з якiх непараўнальна большая i марыць аб аднаўленнi iмперскай велiчы, нясе пагрозу незалежнасцi меншай. Сяброўства ў ЕС, наадварот, будзе гарантыяй захавання беларускай нацыi i дзяржавы. У гэтым саюзе няма дамiнуючай дзяржавы. У Еўрапарламенце нiводная краiна не мае большасцi, нават чвэрцi галасоў. Нават малыя краiны маюць у агульных органах права вета. У ЕС няма дамiнуючай культуры, у iм развiваецца “суквецце” культур. З супольнага бюджэту выдаткоўваюцца сродкi на культурнiцкiя праекты ў асобных краiнах. Сяброўства ў ЕС спрыяе развiццю нацыянальных эканомiк, дзякуючы бесперашкоднаму доступу на самы вялiкi ў свеце рынак. Таксама яно дае рэзкi рост прамых замежных iнвестыцый i фiнансавую дапамогу, якiя, напрыклад, для Балгарыi за адзiн год у суме перавышаюць расiйскiя датацыi беларускай эканомiцы ў найбольш шчодры 2006 год. I нiхто, заўважце, не патрабуе ад балгар узамен увайсцi ў склад Германii, прадаць нафтаправоды Англii цi ўвесцi французскую мову ў якасцi дзяржаўнай.

Праеўрапейскiя сiлы Беларусі мусяць шукаць новыя формы яднання для дзейнасцi. Адной з такiх форм можа быць стварэнне гарызантальнай структуры дэмакратычных еўрапейскiх сiл, якая б пашырыла iх кола i зрабiла iх больш устойлiвымi перад цiскам улад. Над гэтым мы зараз працуем разам з iншымi прыхiльнiкамi еўрапейскага выбару.

Інтэрв’ю друкуецца ў скарачэнні

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках