Імпартная тэхніка сур'ёзна падаражэе
- 13.10.2007, 11:56
Імпартныя тэлевізары могуць адчувальна падаражэць. З лістапада прадаўцы павінны будуць ляпіць кантрольныя маркі на сам тэлевізар, яго ўпакоўку і дакументацыю па тавары.
Але падаражанне пройдзе не з прычыны самой маркі – яна каштуе капейкі. Уся справа ў тым, што маркіроўка дапамагае дзяржаве змагацца з шэрым рынкам тэлевізараў, то бок, з тымі прадаўцамі, якія плацяць не ўсе падаткі і мытныя пошліны. А па ацэнках спецыялістаў, якія займаюцца гандлем тэхнікай, у Беларусі шэры рынак тэлевізараў складае каля 70%. Часцей за ўсё шэрая тэхніка прывозіцца з Расеі.
– Калі маркіравацца тэлевізары будуць не фармальна «прыляпіў марку – адклеіў марку», то гэта, вядома, адаб'ецца на цане імпартных ТВ, – растлумачыў «КП в Беларуси» бізнэсмэн, які займаецца гандлем тэхнікай. – Па маіх ацэнках, яны могуць падаражэць на 15 – 20%.
Гэта значыць, што тэлевізар за 300 даляраў, з лістапада можа каштаваць ужо 345. Дарэчы, Міністэрства па падатках і зборах цяпер думае пра тое, як кантраляваць гандаль кампутарамі і запчасткамі для аўто.