РІА «Новости»: ЗША вітаюць марш за дэмакратыю і свабоду ў Беларусі
- 13.10.2007, 14:19
Адміністрацыя Джорджа Буша вітае Еўрапейскі Марш за дэмакратыю і свабоду, які мае быць у нядзелю ў Менску, і патрабуюць, каб улады Беларусі не ўмешваліся ў падрыхтоўку гэтага Марша, гаворыцца ў заяве дзярждэпартамента ЗША, якую цытуе расейскае афіцыйнае агенцтва навін РІА «Новости».
"Мы вітаем ініцыятыву грамадзян Беларусі па арганізацыі 14 кастрычніка Еўрапейскага Марша для выказвання прыхільнасці свабоднай Беларусі, якая паважае ўніверсальныя каштоўнасці дэмакратыі і свабоду", – гаворыцца ў дакуменце.
Дзярждэпартамент, адзначыўшы, што гарадскія ўлады Менска дазволілі правядзенне акцыі, заявіў, што ЗША "занепакоеныя прэвентыўнымі арыштамі і затрыманнем арганізатараў мерапрыемства, а таксама іншымі намаганнямі беларускіх улад па паніжэнні эфекту Марша".
"Мы заклікаем урад Беларусі дазволіць усім сваім грамадзянам бесперашкодны ўдзел у гэтай мірнай дэманстрацыі і выказаць свае погляды без прыгнёту, умяшання і пагроз пакарання", – падкрэсліваецца ў заяве.
Дзярждэпартамент таксама заклікаў беларускія "сілы бяспекі быць стрыманымі па дачыненні да дэманстрантаў".
Фота РІА «Новости»