10 студзеня 2025, Пятніца, 0:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь – у Еўропу!

63
Беларусь – у Еўропу!

Еўрапейскі Марш "За Свабоду!" прайшоў 14 кастрычніка ў цэнтры Менска. Беларусы выйшлі на Марш, каб падтрымаць 12 прапаноў Еўразвяза і прадэманстраваць сваё імкненне жыць у Еўропе. Па ацэнках арганізатараў, у Еўрапейскім Маршы ўзялі ўдзел ад 7 да 10 тысяч чалавек. Нягледзячы на тое, што фармальна акцыя была дазволеная, напярэдадні па ўсёй краіне прайшлі арышты дэмакратычных актывістаў, людзей з рэгіёнаў здымалі з цягнікоў, міліцыя спыняла аўтобусы і аўтамабілі з тымі, хто ехаў у Менск. Але, нягледзячы на запалохванні і рэпрэсіі, беларусы сёння выйшлі на вуліцы і гучна заявілі: Беларусь у Еўропу!

А 14 гадзіне беларусы пачалі збірацца на Кастрычніцкай плошчы Менска. Некалькі тысяч чалавек прыйшлі на плошчу, якая, на здзіўленне, не была заблакаваная супрацоўнікамі АМАПа. Кожны з прысутных палічыў неабходным павязаць сабе на вопратку сінюю стужку – сімвал еўрапейскай Беларусі. Шмат хто быў апрануты ў бейсболкі і банданы з сімволікай Еўразвяза. Людзі разгарнулі сцягі Еўразвяза і нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі, расцяжкі "Беларусь у Еўропу!", "Мы падтрымліваем 12 прапаноў Еўразвяза", “Еўрапейскім цэнам – еўрапейскія зарплаты”. Да гэтага часу на Кастрычніцкую плошчу таксама прыбылі арганізатары акцыі – лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч і адзін з лідэраў "Маладога Фронту" Зміцер Хведарук. Лідэр руху "За Свабоду" выступіў на прыступках Палаца прафсаюза. Менавіта тут, у сакавіку 2006 года, лідэры апазіцыі выступалі перад дзесяткамі тысяч людзей, якія выйшлі на Кастрычніцкую плошчу, каб пратэставаць супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў.

Выступаючы на Кастрычніцкай плошчы, Аляксандр Мілінкевіч заклікаў удзельнікаў Еўрапейскага Марша спакойна і арганізавана прайсці да дазволенага месца збору – Акадэміі навук. Лідэр руху "За Свабоду" заявіў, што Еўрапейскі Марш – мірная акцыя, яе ўдзельнікі хочуць выказаць падтрымку прапановам Еўразвяза. Якія пакуль адмаўляюцца прымаць беларускія ўлады. "Мы хочам заклікаць улады прыняць прапановы Еўразвяза. Мы хочам заявіць усяму свету, што Беларусь – еўрапейская краіна і павінна быць у Еўразвязе", – заявіў Аляксандр Мілінкевіч. Удзельнікі Марша прывіталі словы лідэра руху "За Свабоду" лозунгамі "Жыве Беларусь!" і накіраваліся па праспекце Незалежнасці ў бок Акадэміі навук.

Дэманстранты запоўнілі абодва бакі праспекта. Сінія, белыя і чырвоныя колеры запоўнілі цэнтр сталіцы. Сцягі Еўразвяза, бел-чырвона-белыя нацыянальныя сцягі, людзі ў вопратцы з сімволікай ЕЗ – усё гэта рабіла маніфестацыю незвычайна яркай і святочнай. Увесь час гучалі лозунгі "Прыйшоў наш час!", "Беларусь у Еўропу!", "Жыве Беларусь!".

На падыходзе да плошчы Перамогі людзей стала так шмат, што яны юольш не змяшчаліся на ходніку – частка людзей выйшла на падарожную частку. Супраць іх былі кінутыя… супрацоўнікі ДАІ. Гэтым разам АМАП не быў задзейнічаны. Даішнікі ў сіняй форме з салатавымі палоскамі і паласатымі дубінкамі груба выціскалі людзей з праспекта, не саромеючыся ўжываць час ад часу кулакі. Пасля супраць людзей былі задзейнічаныя… аўтамабілі. Даішныя машыны сталі ў літаральным сэнсе давіць людзей, спрабуючы іх выцесніць з падарожнай часткі. Калі б людзі не адыходзілі, то, здаецца, даішнікі папросту давілі б людзей!

Такія выхадкі даішнікаў паўтараліся некалькі разоў цягам усяго часу, што людзі рухаліся па праспекце Незалежнасці. Прычым, як зазначылі журналісты, людзей піхалі і штурхалі дубінкамі супрацоўнікі ДАІ з пагонамі маёраў і палкоўнікаў! Тым не менш, людзі адважна працягвалі ісці па цэнтральным праспекце.

Ля Акадэміі навук калону дэманстрантаў ужо чакалі некалькі тысяч чалавек. Пляцоўка ля акадэміі, праспект Незалежнасці – усё было запоўненае людзьмі пад сінімі і бел-чырвона-белымі сцягамі. Але тут людзі раздзяліліся на дзве часткі. Большая частка, прыкладна ў 5 тысяч чалавек, засталася ля Акадэміі навук, дзе выступалі лідэры апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч, Віктар Івашкевіч, Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячорка, Мікола Статкевіч. Выступоўцы заявілі, што беларусы выйшлі на Еўрапейскі Марш, каб мірна заявіць пра неабходнасць прыняцця ўладамі прапаноў Еўразвяза. Улады ж у адказ наладзілі правакацыі: арыштоўвалі арганізатараў Марша, праводзілі напярэдадні акцыі "зачысткі" сярод апазіцыі ў рэгіёнах і ў Менску, забаранілі першапачатковы маршрут Марша ад Кастрычніцкай плошчы да Нацыянальнай бібліятэкі, а пасля заміналі мірнаму шэсцю па цэнтральным праспекце Менска. Усё гэта, на думку палітыкаў, толькі пагоршыць узаеміны Беларусі з Еўрапейскім Звязам. На мітынгу таксама былі зачытаныя звароты лідэраў Еўразвяза і дэпутатаў Еўрапейскага Парламента, якія віталі правядзенне Еўрапейскага Марша ў Менску і нагадвалі ўладам пра неабходнасць прыняць прапановы ЕЗ.

Тым часам калона моладзі, прыкладна ў 1-1,5 тысяч чалавек працягнула шэсце па праспекце Незалежнасці. Дэманстранты разгарнулі вялізны 40-метровы сцяг Еўразвяза і рухаліся пераважна па падарожнай частцы. Супрацоўнікі ДАІ зноў спрабавалі перагарадзіць дарогу моладзі – але калі некалькі чалавек проста леглі на асфальт перад коламі даішных аўтамабіляў – спробы перашкодзіць шэсцю спыніліся. Адзін удзельнік шэсця здолеў нават улезці на трактар, які стаяў на скрыжаванні, і ўзняць сцяг Еўразвяза!

Ля Парку Чалюскінцаў калона моладзі ўсё ж звярнула назад і на вуліцы Сурганава злілася з другой калонай дэманстрантаў. Усе разам удзельнікі Еўрапейскага Марша прайшлі да парку Дружбы народаў, дзе павінен прайсці мітынг. Мітынг, аднак, не адбыўся. Па дарозе міліцыяй быў затрыманы аўтамабіль з гукаўзмацняльнай апаратурай.

"Еўрапейскі марш – гэта не аднаразовая акцыя, а даўгачасная кампанія, пачатак якой быў пакладзена менавіта сёння. Я задаволены, што акцыя прайшла спакойна, па-еўрапейску. Мужныя і свабодныя людзі вышлі на акцыю, нягледзячы на тое, што напярэдадні ўлады правялі масіраваную кампанію запалохвання: арышты актывістаў апазіцыі, як у Менску, так і ў рэгіёнах. На прадпрыемствах, у арганізацыях, у навучальных установах бралі падпіскі з грамадзян, студэнтаў, што тыя не будуць удзельнічаць у Еўрапейскім Маршы, у адваротным выпадку пагражалі звальненнем або адлічэннем. Але людзі ўсё роўна выйшлі. І гэта значыць, што мы пераможам, таму што ў краіне так шмат смелых беларусаў – сапраўдных еўрапейцаў!", – пракаментаваў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі'97 вынікі акцыі кіраўнік аргкамітэта Еўрапейскага Марша, намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках