Анатоль Лябедзька: «Еўрапейскі марш – гэта наша перамога»
- 14.10.2007, 19:34
«Беларусы павінны ўрэшце пачаць еўрарамонт у сваім доме пасля шматгадовага запусцення. І –сёння гэты рамонт толькі пачаўся», – заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
На думку палітыка, гэта перамога ўсіх беларусаў, якія хочуць жыць у свабоднай краіне, дзе паважаюцца еўрапейскія каштоўнасці: «Мы не пайшлі на поваду ва ўлады, а прайшлі тым маршрутам, якім планавалі – ад плошчы Каліноўскага да Акадэміі навук, дзе правялі мітынг».
Разам з тым лідэр АГП падкрэсліў, што Еўрапейскі марш закліканы быць не аднадзённай акцыяй, а даўгачаснай складанай кампаніяй па працы з насельніцтвам, у тым ліку і як частка падрыхтоўкі да парламенцкіх выбараў. «Калі мы сёння сабраліся, пагаварылі і на гэтым кропка, то дарма выдаткавалі час. Ужо заўтра мы павінны пачаць карпатлівую працу з простымі людзьмі. Калі неабходна, хадзіць ад кватэры да кватэры, ездзіць у маленькія гарады і вёскі, каб паспрабаваць дастукацца да кожнага. Тлумачыць сэнс тых патрабаванняў, які высунуў Еўразвяз беларускім уладам і чаму тыя абавязаныя іх выканаць, а таксама якая выгада ад гэтага простаму чалавеку, чаму яму будзе лепш жыцца ў краіне, дзе захоўваюцца і з'яўляюцца непарушнымі такія агульнаеўрапейскія каштоўнасці як правы чалавека і свабода слова. Менавіта пры такіх умовах можна смела заявіць, што сённяшняя акцыя – гэты годны пачатак вялікай кампаніі», – заявіў Анатоль Лябедзька.