10 студзеня 2025, Пятніца, 1:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эўрапейскі Марш «За Беларусь» прайшоў вуліцамі Варшавы (Фото)

Эўрапейскі марш прайшоў сёньня і ў Варшаве. Беларусы, якія жывуць у польскай сталіцы, а таксама жыхары Варшавы прыйшлі падтрымаць удзельнікаў маршу ў Менску.

Эўрапейскі марш пачаўся на варшаўскім пляцы Канстытуцыі, дзе адбыўся акустычны канцэрт беларускай музыкі.

“Гэтая акцыя робіцца дзеля таго, каб паказаць, што Беларусь – гэта эўрапейская краіна і мае права імкнуцца да Эўразьвязу, паказаць падтрымку палякаў у тым, каб Беларусь была ў эўрапейскай супольнасьці”, – кажа Віталь Лоцманаў, адзін зь лідэраў Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі – арганізатара акцыі.

У маршы ўзялі ўдзел грамадзяне розных эўрапейскіх краінаў. Былы віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч, які таксама прыйшоў на марш, напярэдадні вярнуўся з польска-беларускай мяжы: у Беларусь, на марш у Менску, яго не ўпусьцілі.

“На шчасьце, я пасьпеў вярнуцца ў Варшаву, каб далучыцца да гэтага маршу, – сказаў Анышкевіч. – Беларусы павінны мець падтрымку. Я добра памятаю з 1970-х гадоў, якімі важнымі для нас былі ўсе акцыі салідарнасьці з-за мяжы. Мы тут, у Польшчы, павінны як мага мацней паказваць беларускім дэмакратычным сілам, што мы іх падтрымліваем”.

Удзельнікі маршу, а іх было каля сотні, прайшлі па адной з цэнтральных вуліц Варшавы – вуліцы Маршалкоўскай – да Банкаўскай плошчы, дзе ў паветра былі выпушчаныя паветраныя шарыкі зь бел-чырвона-белымі стужкамі на знак салідарнасьці зь беларусамі, якія ўзялі ўдзел у маршы ў Менску.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках