З размеркаваннем студэнтаў разбяруцца
- 3.10.2007, 9:31
Аляксандр Лукашэнка даручыў намесніку прэм'ер-міністра Аляксандру Касінцу разабрацца з сістэмай размеркавання маладых спецыялістаў з улікам іх запатрабаванасці, паведамілі "Інтэрфаксу" ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. Такое даручэнне было дадзенае ў аўторак падчас дакладу віцэ-прэм'ера А.Касінца прэзідэнту.
"Кіраўнік дзяржавы даручыў пэўна разабрацца з сістэмай размеркавання з улікам запатрабаванасці спецыялістаў", – паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Паводле інфармацыі прэс-службы, сёння выпускнікі могуць размяркоўвацца як на прадпрыемствы дзяржаўнай формы ўласнасці, так і ў недзяржаўныя арганізацыі. Напрыклад, у 2006–2007 навучальным годзе з больш як 21 тыс. студэнтаў, якія навучаюцца на бюджэтнай форме, размеркаваныя 94%, а на платнай форме – 988 чалавек з 7980 навучэнцаў.
Падчас дакладу закраналіся пытанні і прафарыентацыі моладзі. Па словах А.Касінца, 5,8% выпускнікоў ВНУ (больш за 1,3 тыс. чалавек, якія навучаліся на бюджэтнай форме), адпрацаваўшы два гады, мяняюць сваю спецыяльнасць. Для дзяржавы гэта ў выніку выліваецца ў эканамічныя страты – больш як Br25 млрд. у год.
"Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу ўзмацніць сувязь вышэйшых навучальных устаноў з вытворчым комплексам эканомікі", – адзначылі ў прэс-службе. "А.Лукашэнка лічыць неабходным прыцягваць рэктараў ВНУ ў працу калегій усіх міністэрстваў, што дазволіць ім быць у курсе наяўных у галінах праблем, больш эфектыўна вырашаць пытанне ўмацавання ўзаемасувязі адукацыі і вытворчай сферы", – паведамілі ў прэс-службе.