9 студзеня 2025, Чацвер, 21:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія СМІ: Лукашэнка пазбаўляецца ад старой гвардыі

Учора Аляксандр Лукашэнка пазбавіўся аднаго з галоўных паплечнікаў на палітычным Алімпе. Ніжняя палата «парламента» адправіла ў адстаўку спікера Уладзіміра Канаплёва. У верасні ён напісаў заяву аб сыходзе, растлумачыўшы гэта пагаршэннем стану здароўя. Учора цяпер ужо экс-спікер у «парламенце» адсутнічаў, піша расейская газета «Времени новостей».

53-гадовы Уладзімір Канаплёў – сябар і паплечнік Аляксандра Лукашэнкі. У 1975 годзе яны разам скончылі Магілёўскі педінстытут. Будучы спікер вывучаў геаграфію, а будучы прэзідэнт – гісторыю. У 1991 годзе Канаплёў стаў памочнікам тады народнага дэпутата Лукашэнкі.

Шмат хто ў Беларусі перакананыя, што перамогай на першых прэзідэнцкіх выбарах у 1994 годзе Лукашэнка шмат у чым абавязаны Канаплёву. Беларускі палітолаг Аляксандр Фядута нагадаў «Времени новостей», што Уладзіміру Канаплёву, які ўваходзіў у перадвыбарную каманду, «тады атрымалася стварыць электаральны цуд. Ён разумна арганізаваў і сістэму збору подпісаў, і сістэму кантролю за падлікам галасоў». Гэта стала залогам перамогі Лукашэнкі, які ў той час знаходзіўся ў апазіцыі.

У 1996 годзе Уладзімір Канаплёў дапамог прэзідэнту атрымаць яшчэ адну важную перамогу. Тады Лукашэнка ініцыяваў канстытуцыйную рэформу ў мэтах пашырэння прэзідэнцкіх паўнамоцтваў за кошт заканадаўчай і судовай галін улады. Запал напярэдадні плебісцыту кіпелі неабыякія. Аляксандр Лукашэнка апынуўся перад пагрозай імпічменту. Удзел Канаплёва ў перамовах дэпутатаў і выканаўчай улады спрыяла перамозе прэзідэнта.

Доўгія гады Уладзімір Канаплёў займаў пасаду парламенцкага віцэ-спікера, а ў лістападзе 2004 года стаў спікерам «палаты прадстаўнікоў». Ён заўсёды выразна праводзіў лінію прэзідэнта. «Гэта чалавек, які рабіў усё, на што намякаў Лукашэнка, ён мэтанакіравана праводзіў яго лінію, таму я не магу ўспрымаць яго як сур'ёзнага самастойнага палітыка», –распавёў «Времени новостей» Станіслаў Шушкевіч, экс-спікер і калега Уладзіміра Канаплёва па Вярхоўнаму Савету.

Эксперты лічаць сыход Канаплёва з высокай пасады знакавай падзеяй. Адстаўка адбылася за год да парламенцкіх выбараў у кастрычніку 2008 года. Беларускі палітолаг Аляксандр Класкоўскі сказаў "ВН", што ў наступным годзе можна чакаць абнаўлення заканадаўчай улады: «Этап харызматычнай падтрымкі прэзідэнта мінуў. Сёння ўлады патрэбныя больш сучасныя, больш тонкія камунікатыўныя тэхналогіі, чым тыя, якімі валодае старая гвардыя». На яго думку, «ціск знешніх і ўнутраных фактараў на палітыку Менска ўзмацняецца і нават старыя сябры не павінны тармазіць працэс падрыхтоўкі да новых часоў». Суразмоўца лічыць, што дыялог з Захадам, да якога імкнецца Менск, патрабуе больш тонкай палітычнай гульні. Таму пасля выбараў варта зноў чакаць перамен.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках