На беларуска-расейскай мяжы затрыманыя «Товарищ» і «Народная воля»
- 3.10.2007, 10:28
Пра гэта «Беларускаму партызану» паведаміў намеснік галоўнага рэдактара газеты Партыі камуністаў Беларускай «Товарищ» Зміцер Яненка. Афіцыйна зарэгістраваныя ў Міністэрстве інфармацыі выданні перавозіліся з Смаленска ў Менск для далейшага распаўсюджвання. Недалёка ад мяжы на тэрыторыі Беларусі машына была спыненая супрацоўнікамі праваахоўных органаў для паверкі грузу.
Пакуль ніякіх прэтэнзій да перавознікаў і рэдакцый выданняў не прад'яўляецца. Міліцыянты чакаюць начальства, якое павінна распарадзіцца адносна затрыманага накладу вядучых апазіцыйных газет.
У аўтамабілі знаходзіцца 30 тысяч асобнікаў «Товарища» і 11 тысяч – «Народнай волі».
Нагадаем, што тыдзень таму супрацоўнікі праваахоўных органаў ужо арыштоўвалі частку тыражу «Товарища».