Лукашэнка вырашае лёс крам duty free
1- 3.10.2007, 10:59
Праект указу Аляксандра Лукашэнкі аб крамах бяспошліннага гандлю (duty free), які павінен вырашыць далейшы лёс гэтай формы гандлю ў краіне, будзе дапрацаваны з улікам патрабавання Аляксандра Лукашэнкі максімальна канкрэтызаваць дакумент. Пра гэта паведаміла агенцтву ПРАЙМ-ТАСС крыніца, блізкая да ўрада.
«Кіраўнік дзяржавы вярнуў на дапрацоўку прапанаваны праект указу аб асаблівасцях працы крам бяспошліннага гандлю з патрабаваннем максімальна яго канкрэтызаваць і ліквідаваць дваістасць. Дакумент павінен змяшчаць пералік пэўных крам з указаннем месца размяшчэння і ўласніка», – сказаў суразмоўца агенцтва.
Праца крам бяспошліннага гандлю ў Беларусі прыпыненая з 1 ліпеня 2007 г, з моманту ўступлення ў сілу новага Мытнага кодэкса. Паводле артыкула 226 дакумента, парадак функцыянавання і месцазнаходжання крам бяспошліннага гандлю вызначаюцца кіраўніком дзяржавы.
Як раней паведамляў ПРАЙМ-ТАСС, паводле праекту ўказу прэзідэнта крамы бяспошліннага гандлю плануецца пакінуць толькі ў аэрапорце «Менск-2» і для абслугоўвання дыпламатычных прадстаўніцтваў і місій.
Паводле дадзеных Мінстата Беларусі, за 2006 г імпарт моцных спіртных напояў крамамі бяспошліннага гандлю склаў 0,699 млн. дал на суму 24,221 млн. дал (75% ад агульнага аб'ёму імпарту гэтай прадукцыі).