9 студзеня 2025, Чацвер, 21:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Памаранчовыя» перамаглі ва Украіне

Паводле вынікаў апрацоўкі Цэнтральнай выбарчай камісіяй 99,41% пратаколаў за Партыю рэгіёнаў прагаласавалі 34,27% выбаршчыкаў, за Блок Юліі Цімашэнкі – 30,78%, за блок Наша Украіна–Народная самаабарона – 14,20%, за Камуністычную партыю – 5,38%, за Блок Літвіна – 3,96%, за Сацыялістычную партыю – 2,87%, супраць усіх – 2,73%.

Учора намеснік старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Жана Усенка-Чорная прагназавала, што да канца дня будуць вядомыя 100% дадзеных па выніках галасавання, а першы намеснік старшыні ЦВК Андрэй Магера растлумачыў, што адзнакі ў 100% не атрымаецца дасягнуць, бо да заканчэння сутак не паспеюць паступіць дадзеныя з участкаў замежнай выбарчай акругі, паведамляе Корреспондент.net.

Сябар Цэнтрвыбаркама Аляксандр Чупахін упэўнены ва ўсталяванні папярэдніх вынікаў выбараў сёння, 3 кастрычніка.

"Я лічу, што пры найлепшым збегу акалічнасцяў мы зможам гэта (канчатковыя папярэднія вынікі галасавання) атрымаць нават да абеду, у найгоршым варыянце – да канца сённяшняга дня", – сказаў Чупахін.

Сёння ў 12:30 Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка зробіць заяву наконт фармавання парламенцкай кааліцыі. Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, Юшчанка зробіць заяву на ганку Сакратарыята Прэзідэнта (вул. Банкавая, 11).

Нагадаем, учора Юлія Цімашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам дамовілася адразу пасля абвяшчэння папярэдніх вынікаў выбараў пачаць фармаваць Кабмін і астатнія органы выканаўчай улады.

Раней Цімашэнка і лідэр прапрэзідэнцкага Блока НУ–НС Юры Луцэнка запэўнілі, што ўсе дамоўленасці паміж гэтымі дзвюма палітычнымі сіламі будуць выкананыя.

Акрамя таго, прэзідыум партыі НУ вырашыў рэкамендаваць на пасаду старшыні Рады кіраўніка палітрады НУ-НС Вячаслава Кірыленку. Кірыленка ж сказаў, што неўзабаве адбудзецца сумеснае паседжанне палітрад НУНС і БЮТ, на якім у тым ліку будуць разгледжаныя кадравыя пытанні. Сама Цімашэнка таксама лічыць, што старшынёй Рады будзе прадстаўнік блока НУ-НС.

Больш за тое, раней НУ-НС заявіў, што дапускае далучэнне Блока Літвіна да чаканай кааліцыі НУ-НС і БЮТ, а таксама сказаў, што пасада спікера не перашкодзіць перамовам аб стварэнні такой кааліцыі. Магчымасць далучэння Літвіна да кааліцыі дэмакратычных сіл не выключыла і Цімашэнка.

У той самы час, Блок Літвіна атрымаў прапановы аб стварэнні кааліцыі ад усіх сіл, якія праходзяць у парламент, але рашэнне аб уваходжанні ў тую ці іншую кааліцыю будзе прымаць пасля выканання трох умоў.

Тым часам, Партыя рэгіёнаў упэўненая, што Прэзідэнт даручыць менавіта ёй, як пераможцы выбараў, фармаваць кааліцыю.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках