9 студзеня 2025, Чацвер, 21:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калякін лічыць, што Беларусь не будзе ў Еўразвязе яшчэ 30 гадоў

Калякін лічыць, што Беларусь не будзе ў Еўразвязе яшчэ 30 гадоў

На канферэнцыі «Разам будуем еўрапейскі дом» 29 верасня ў Кіеве сябра Ландтага нямецкай зямлі Паўночны Рэйн – Вестфалія Вернер Эстмайер выказаў меркаванне, што ў Беларусі ёсць магчымасць стаць сябрам Еўрапейскага Звязу «пры пэўных умовах развіцця дэмакратычнага грамадства». Карэспандэнт «Заўтра тваёй краіны» высветліў у беларускіх палітыкаў, пры якіх умовах Беларусь прымуць у Еўропу.

– Добра сказаў нямецкі парламентарый, але, на жаль, трэба прызнаваць рэаліі, – лічыць старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. – Апошняе слова ўсё-ткі застаецца не за еўрапейскімі дэпутатамі, а за грамадзянамі Беларусі.

На думку палітыка, першым крокам да Еўропы павінна стаць рэалізацыя ў Беларусі еўрапейскіх каштоўнасцяў.

– Калі тут будзе сапраўдны парламент, незалежны суд, калі ў людзей з'явіцца магчымасць выбіраць, калі будзе рынкавая эканоміка, гэта будзе вялікім поспехам. Тады мы зможам думаць пра другі крок – еўрапейскія стандарты, пачынаючы ад даўжыні агуркоў, пярокругу каналізацыйных труб і канчаючы экалогіяй, якасцю ўлады і ўсяго астатняга. Вось калі гэта будзе дасягнутае, тады наша дэлегацыя зможа прыехаць у Брусэль і канстатаваць, што мы адпавядаем капенгагенскім крытэрам, выкананне якіх адкрывае шлях на ўступленне ў Еўрапейскі Звяз, – упэўнены Анатоль Лябедзька.

– У самай блізкай перспектыве гэта нерэальнае, – лічыць першы сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін. – Сёння сфармуляваныя перспектывы Еўразвяза па яго далейшым пашырэнні. Я б сказаў так: пакуль пашырэнне прыпыненае. І гэта дыктуецца не нейкімі знешнімі прычынамі, гэта выкліканае сітуацыяй, якая склалася ўнутры ЕЗ. На думку Калякіна, пашырэнне Еўразвяза прывяло да вялікай колькасці праблем – эканамічных, сацыяльных і іншых.

– Як бы не было крыўдна нашым еўрааптымістам, я лічу, што заявы аб уступленні Беларусі ў Еўразвяз у бліжэйшыя 20–30 гадоў – гэта фантастыка! Але гэта не гаворыць пра тое, што мы не павінны імкнуцца да ўкаранення ў краіне еўрапейскіх каштоўнасцяў, стандартаў у палітычным, эканамічным, сацыяльным жыцці. Мы павінны імкнуцца да ўсяго лепшага, што ёсць у Еўрапейскім Звязе, але пазбегнуць тых праблем, якія сёння мае ЕЗ, – гаворыць лідэр ПКБ.

Сяргей Калякін, па яго словах, не будаваў бы сённяшнюю рэальную палітыку з разлікам на хуткае ўступленне Беларусі ў ЕЗ. «Мы павінны імкнуцца да таго, каб быць добрым суседам. Пакуль жа мы нават не ўваходзім у праграму Еўразвяза «Новыя соседи». Я як палітык, біялагічнае стагоддзе якога абмежаванае, не думаю, што ўступленне ў ЕЗ адбудзецца пры маім жыцці», – рэзюмуе галоўны апазіцыйны камуніст.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках