Андрэй Саннікаў: «Подлыя дзеянні ўлад могуць выключыць іх з спісу партнёраў у перамовах з Еўразвязам»
3- 3.10.2007, 14:28
«Затрыманне сябраў аргкамітэта і актывістаў кампаніі Еўрапейскі Марш можа перакрэсліць усе надзеі ўлад на атрыманне магчымасці супрацоўніцтва з Еўропай. Паколькі, як вынікае з заявы еўракамісара Беніты Ферэра-Вальднер, Еўрапейскі Марш разглядаецца як адказ на накіраваныя Беларусі прапановы Еўразвяза, такія подлыя дзеянні ўлад могуць выключыць іх з спісу магчымых партнёраў у перамовах», – заявіў удзельнік перамоўнай групы аргкамітэта Еўрапейскага Марша, міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў, каментуючы арышты на 15 сутак сябра аргкамітэта Еўрапейскага Марша Змітра Бародкі, дэмакратычнага актывіста Леаніда Навіцкага і праваабаронцы Святланы Гарахавік.
«Наступствы такіх дзеянняў небяспечныя для народа Беларусі, бо ў адсутнасць гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва захоўваецца бязвыхадная сітуацыя ў эканоміцы, і ўлады будуць перакладаць цяжар сваіх бессэнсоўных дзеянняў на насельніцтва Беларусі, то бок, падвышаць цэны на асноўныя тавары, паліва, камунальныя паслугі і г.д. Ва ўлад яшчэ ёсць час раздумацца і зразумець, што масавая акцыя ў падтрымку прапаноў Еўрапейскага Звязу адказвае інтарэсам, найперш, Беларусі, але таксама і іх уласным інтарэсам. У турму кінулі сапраўдных герояў. Тых людзей, якія, рызыкуючы сабою, змагаюцца за незалежную, еўрапейскую Беларусь. Гісторыя расставіць менавіта такія акцэнты, а тыя, хто ўдзельнічаў у гэтых злачынствах альбо збягуць з краіны, альбо апынуцца за кратамі ў выніку «паддывановай» барацьбы ва ўладзе», – заявіў Андрэй Саннікаў.
Сябра аргкамітэта Еўрапейскага Марша Зміцер Бародка, дэмакратычны актывіст Леанід Навіцкі і праваабаронца Святлана Гарахавік 2 кастрычніка прысуджаныя судом Цэнтральнага раёна Менска да 15-сутачнага арышту. Арыштоўвалі актывістаў па абсалютна ілжывым абвінавачванням. Прысуды вынесла суддзя Таццяна Паўлючук.
Леаніда Навіцкага, Змітра Бародку і Святлану Гарахавік затрымалі 1 кастрычніка, у 17.30 у раёне Менскага трактарнага завода. Два аўтамабілі, у якіх ехалі апазіцыянеры, спынілі супрацоўнікі ДАІ. Міліцыянты падселі ў машыны да затрыманых і адвезлі іх у Цэнтральны РУУС Менска. Учора раніцай актывісты змаглі азнаёміцца з пратаколамі. У іх гаворыцца, што актывісты нібыта затрымліваліся на вуліцы Заслаўскай супрацоўнікамі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння (былы АМАП). Апазіцыянеры нібыта распаўсюджвалі газеты, а на заўвагі амапаўцаў рэагавалі нецэнзурнай лаянкай. Але ў гэты час актывісты знаходзіліся ў зусім іншым месцы – ля Менскага трактарнага завода, дзе іх і затрымалі.
Леанід Навіцкі ў дзень арышту 1 кастрычніка толькі выйшаў на свабоду пасля 10 сутак знаходжання ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна. Тады актывіста затрымалі за захоўванне 100 сцягоў Еўразвяза, але асудзілі таксама па артыкуле «хуліганства». Такім чынам, апазіцыянеру давядзецца правесці за кратамі 25 сутак запар.