9 студзеня 2025, Чацвер, 21:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікола Статкевіч: Лукашэнка не даў Пуціну пайсці на прэзідэнта «саюзнай дзяржавы»

«Зразумела было, што Пуціну нельга сыходзіць. Як толькі ён нібыта прызначыў двух магчымых пераемнікаў – Мядзведзева і Іванова, як тыя адразу ж пачалі ствараць мядзведзеўскія і іванаўскія кланы. Пачалася барацьба», – пракаментаваў АФН лідэр БСДП(НГ) Мікола Статкевіч заяву Уладзіміра Пуціна аб гатоўнасці стаць прэм'ер-міністрам Расеі.

Беспартыйны Пуцін два дні таму на з'ездзе «Единой России» пагадзіўся ўзначаліць партыйны спіс гэтай партыі, а ў выпадку выканання дзвюх умоў заадно і крэсла прэм'ера Расеі.

«Сыход Пуціна азначаў бы перадзел маёмасці, а найбольш уплывовыя і багатыя прадстаўнікі ўлады, якія ўжо атрымалі як мага больш ад гэтага перадзелу маёмасці, не жадалі гэтага», – лічыць палітык.

«І каб не шукаць запасныя варыянты, і па схеме падобнай на схему прывядзення Пуціна да ўлады, раптам выцягнулі трэцюю фігуру, якая раскручваецца (як толькі расейскае грамадства гэта есці) як змагар з карупцыяй, які па паперцы лае міністраў», – працягнуў Статкевіч. – «Але з другога боку, нават калі пакінуць Зубкова на чатыры гады, ніхто не гарантуе, што вакол не з'явіцца свая каманда, ужо «зубкоўцы», якія ўсё роўна пачнуць адсоўваць цяперашніх ад маёмасці і ад улады».

«Таму Пуціну давялося застацца. Я не ўпэўнены, што гэта яго пацешыць, але дзявацца няма куды, – адзначыў беларускі палітык.

«І заставацца ён (Пуцін) будзе моцным прэм'ерам пры слабым прэзідэнце, што нясе масу небяспек для стабільнасці расейскай дзяржавы. Ніхто не гарантуе, што новы прэзідэнт будзе доўга згаджацца на другую ролю – з'явіцца свая група падтрымкі, сваё асабістае кола, якое будзе падштурхоўваць да большай самастойнасці», – падкрэсліў суразмоўца.

«Вядома, самым лепшым варыянтам быў бы сыход Пуціна на пасаду прэзідэнта саюзнай дзяржавы, але тут падвёў спадар Лукашэнка», – сказаў Статкевіч. – «Абяцаў, абяцаў будаваць «саюзную дзяржаву», на мільярды «развёў» вялікую імперыю, і ўрэшце адмовіўся. Я думаю, гэтага расейская кіруючая эліта не выбачыць Лукашэнку ніколі».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках