9 студзеня 2025, Чацвер, 21:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідэры БНФ і АГП пра міжнародную падтрымку Еўрапейскага Марша

Арганізатары акцыі "Еўрапейскі марш "За свабоду" спадзяюцца на падтрымку заходніх палітыкаў. Пра гэта было заяўленае 3 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску, прысвечанай падрыхтоўцы маршу. Старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы акцыі намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч паведаміў, што 2 кастрычніка адбылася сустрэча палітыкаў з амбасадарамі краін Еўразвяза, акрэдытаванымі ў Беларусі.

"2 кастрычніка адбылася сустрэча прадстаўнікоў аргкамітэта Еўрапейскага Марша Аляксандра Мілінкевіча, Андрэя Саннікава, Міхаіла Марыніча і мяне з амбасадарамі краін Еўразвяза, акрэдытаваных у Беларусі. Амбасадары цікавіліся падрыхтоўкай да Еўрапейскага Марша. Мы распавялі ім пра рэпрэсіі ў дачыненні тых, хто праводзіць інфармацыйную кампанію па падрыхтоўцы акцыі: пра апошнія арышты актывістаў апазіцыі, пра затрыманні", – сказаў В.Івашкевіч.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў, што запрашэнні ўзяць удзел у Еўрапейскім Маршы ўжо накіраваныя больш як 40 дэпутатам Еўрапарламента і нацыянальных парламентаў краін, уваходных у ЕЗ. "Найперш мы б хацелі, каб на маршы прысутнічалі дэпутаты, якія ў сваіх працоўных групах адказваюць за пазіцыю сваіх краін па дачыненні да Беларусі", – падкрэсліў В.Вячорка.

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначыў, што запрашэнні на Еўрапейскі Марш накіроўваюцца не толькі палітыкам краін ЕЗ, але і замежным партнёрскім арганізацыям. "Мы выслалі прапановы наведаць марш палітыкам "памаранчовай" кааліцыі, якая перамагла на ўкраінскіх выбарах: Блоку Юліі Цімашэнкі і "Нашай Украіне – Народнай самаабароне". Таксама на марш можа прыехаць вядомы дэпутат Дзярждумы Расеі Уладзімір Рыжкоў. Яраслаў Раманчук, як быў у Эстоніі, запрасіў некаторых эстонскіх парламентарыяў", – паведаміў А.Лябедзька.

Цяпер, як сказаў А.Лябедзька, усё залежыць ад беларускіх улад. "Мы паглядзім, ці будуць выдавацца беларускія візы па нашых запрашэннях. Калі гэтага не адбудзецца, то гэты факт стане сам па сабе сігналам афіцыйнага Менска Еўропе наконт таго, як ён гатовы да супрацоўніцтва з ЕЗ", – адзначыў палітык.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках