Рада Еўропы: «Супрацоўніцтва Еўропы і Беларусі пачнецца толькі пасля вызвалення палітвязняў»
- 3.10.2007, 17:18
2 кастрычніка прайшла сустрэча прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі з генеральным дырэктарам па палітычных пытаннях сакратарыята Рады Еўропы Жанам-Луі Ларэнам і супрацоўніцай сакратарыята Клаудыяй Лучыані. Праваабаронцы запрасілі еўрапейскіх палітыкаў на Еўрапейскі Марш і заклікалі іх уважліва сачыць за правядзеннем акцыі.
Кіраўніца Камітэта абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць" Іна Кулей паведаміла, што ў сувязі з падрыхтоўкай Еўрапейскага Марша ў краіне ўзмацніліся рэпрэсіі, і прывяла шэраг пацверджанняў пазапраўных паводзін супрацоўнікаў сілавых структур пры затрыманні моладзевых актывістаў. Паводле яе слоў, таксама працягваецца практыка адлічэння студэнтаў з ВНУ.
Праваабаронца Алег Воўчак спыніўся на праблемах зніклых палітыкаў: ніхто з сваякоў не валодае інфармацыяй, якія дзеянні рабіла следства за гэтыя гады ў пошуках іх блізкіх людзей. Дагэтуль улада не адхіліла ад выканання сваіх службовых абавязкаў вышэйшых службовых асоб, датычных да выкрадання Ю. Захаранкі, В. Ганчара, А. Красоўскага і З. Завадскага. Далей ён спыніўся на тэме палітычных зняволеных, падкрэсліўшы, што колькасць палітвязняў павялічваецца. Праваабаронца прывёў прыклад, як суд прыцягнуў да крымінальнай адказнасці вядомага палітыка А. Клімава за тое, што ён размясціў артыкул у інтэрнэце, у якой следства ўгледзела заклікі да звяржэння ўлады. "Парламент" на звароты дэмакратычнай грамадскасці выключыць артыкулы з Крымінальнага Кодэкса, якія ўшчамляюць правы грамадзян на ўдзел у мірных сходах, грамадскіх аб'яднаннях і выказванне свабоды слова, належным чынам не адрэагаваў.
Прафсаюзны актывіст Уладзімір Лазоўскі засяродзіў увагу прысутных на парушэннях правоў працаўнікоў, асабліва ў стварэнні структур незалежных прафсаюзаў на прадпрыемствах. Улады не хочуць рэгістраваць пяршоўкі незалежных прафсаюзаў. Тыя грамадзяне, якія ўступаюць у прафсаюзы, падпадаюць пад адміністрацыйны ціск дырэктараў прадпрыемстваў. Таксама ён адзначыў, што павінна быць скасаваная ўсеагульная кантрактная сістэма. Працоўныя па ўсёй рэспубліцы падалі заяўкі на правядзенне сацыяльных пікетаў (458), і толькі 3 заяўкі былі здаволеныя.
Пасля выступаў беларускай дэлегацыі прадстаўнікі сакратарыята Рады Еўропы запэўнілі беларускіх праваабаронцаў, што супрацоўніцтва Еўропы і Беларусі пачнецца толькі пасля вызвалення палітвязняў. Падтрымка Еўразвяза будзе па-ранейшаму накіраваная на ўмацаванне грамадзянскай супольнасці Беларусі.