Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю заклікае спыніць рэпрэсіі напярэдадні Еўрапейскага Марша
- 3.10.2007, 18:33
Старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Богдан Кліх вітае правядзенне ў Менску 14 кастрычніка Еўрапейскага Марша і заклікае беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі супраць актывістаў апазіцыі напярэдадні мірнай акцыі. «Я абураны паведамленнямі пра затрыманні, запалохванні і ціск на арганізатараў Еўрапейскага Марша, які павінен адбыцца ў Менску 14 кастрычніка 2007 года. Я заклікаю беларускія ўлады спыніць рэпрэсіўныя дзеянні і дазволіць беларускім грамадзянам, актывістам дэмакратычнай апазіцыі і прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці арганізаваць і ўзяць удзел у гэтай мірнай і адкрытай акцыі», – заяўляе Богдан Кліх.
Старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Богдан Кліх упэўнены, што «паведамленні пра пераслед за захоўванне і распаўсюджванне еўрапейскіх сцягоў і інфармацыйных матэрыялаў «Што Еўрапейскі Звяз можа даць Беларусі» відавочна супярэчаць нядаўнім заявам беларускіх улад пра жаданне палепшыць стасункі з Еўрапейскім Звязам».
«Больш за тое, парушаючы правы беларускага народа на свабоду слова і свабоду сходаў, урад Лукашэнкі не можа спадзявацца на тое, каб стаць надзейным партнёрам у дыялогу з Еўропай», – заяўляе Богдан Кліх.