Кіраўнік ваеннай хунты гатовы да дыялогу з апазіцыяй
15- 5.10.2007, 9:37
Кіраўнік кіруючай ваеннай хунты М’янмы Тан Шве гатовы пры выкананні шэрагу ўмоў правесці прамыя перамовы з змешчанай пад дамашнім арыштам лідэрам дэмакратычнай апазіцыі Сан Су Чы, паведамляе агенцтва Reuters.
Выступаючы з першымі афіцыйнымі каментарамі з моманту прыезду ў краіну спецпасланніка генеральнага сакратара ААН Ібрагіма Гамбары, кіраўнік вайсковага ўрада М'янмы (былая Бірма) сказаў, што сустрэнецца з апазіцыйным палітыкам, калі яна адмовіцца ад "абструкцыянісцкіх мераў".
На сустрэчы з Гамбары Тан Шве таксама абвінаваціў лідэра апазіцыі, якая апошнія 12 гадоў знаходзіцца пад дамашнім арыштам, у "схільнасці да канфрантацыі". На чым менавіта заснаваныя чарговыя абвінавачванні ў адрас Су Чы, лідэр ваеннай хунты не ўдакладніў.
Тан Шве паабяцаў спецпасланніку генеральнага сакратара ААН, што калі Су Чы публічна адмовіцца ад пералічанага, ён правядзе з ёй прамыя перамовы.
На мінулым тыдні, нягледзячы на заклік генеральнага сакратара ААН, вайсковыя ўлады М'янмы сілай падушылі дэманстрацыі, у цэнтры якіх апынуліся будысцкія манахі. У выніку выкарыстання сілы па меншай меры дзесяць чалавек загінулі, каля 100 параненыя, паведамляецца пра сотні арыштаваных.
Улады шматлікіх краін асудзілі дзеянні рэжыму М'янмы, а ўрад ЗША зрабіў больш жорсткімі санкцыі.
Падставай да масавых хваляванняў, распачатых у М'янме 19 жніўня, паслужыла ўведзенае ўрадам падвышэнне ў два разы цэнаў на паліва. Апроч паляпшэння сацыяльна-эканамічных умоў у краіне, пратэстанты патрабавалі правядзення дэмакратычных рэформ, а таксама вызвалення з-пад дамашняга арышту лідэркі Нацыянальнай лігі за дэмакратыю, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Аун Сан Су Чы, якая перамагла на выбарах у 1990 годзе.
Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун накіраваў у М'янму свайго прадстаўніка Ібрагіма Гамбары, каб той пераканаў кіруючую хунту адмовіцца ад сілавых метадаў урэгулявання крызісу і пачаць дыялог з апазіцыяй.