Пуцін абмяркуе з Лукашэнкам «саюз» і цэны на газ
- 5.10.2007, 9:39
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у Душанбе правядзе асобныя двухбаковыя сустрэчы з калегамі з Беларусі і Таджыкістана, але не адмовіцца і ад гутаркі з грузінскім лідэрам.
"У праграме прэзідэнта РФ ёсць "вокны" для двухбаковых сустрэч, я не прадбачу сітуацыі, у якой Уладзімір Пуцін адмовіўся б ад сустрэчы з Міхаілам Саакашвілі", – сказаў журналістам памочнік расейскага лідэра Сяргей Прыходзька.
"Для нас гэта (сустрэча з прэзідэнтам Грузіі) – не праблема з тэхнічнага або пратакольнага пункту гледжання", – запэўніў прадстаўнік Крамля.
Ён нагадаў, паведамляе ІТАР-ТАСС, што "традыцыйна на ўсіх шматбаковых сустрэчах адбываюцца кантакты прэзідэнтаў Расеі і Грузіі". “Тлумачыць такую сустрэчу ў Душанбе нічым не будзем", – дадаў С.Прыходзька.
Памочнік прэзідэнта РФ паведаміў, што ўжо запланаваная асобная сустрэча У.Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам. "Будуць абмяркоўвацца супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы, пытанні будаўніцтва «саюзнай дзяржавы», пытанні, звязаныя з кіраўніцтвам органамі Саюзнай дзяржавы", – сказаў ён.
Крамлёўскі службоўца нагадаў, што "ў парадку дня па-ранейшаму стаіць правядзенне пасяджэння савета міністраў саюзнай дзяржавы". Старшынёй савета міністраў быў расейскі экс-прэм'ер Міхаіл Фрадкоў. "Трэба вырашыць, ці будзе Віктар Зубкоў, які замяніў Фрадкова на пасадзе старшыні ўрада, узначальваць і саўмін Саюзнай дзяржавы", – адзначыў С.Прыходзька. Паводле яго слоў, прадугледжваецца прынцып ратацыі: калі Вышэйшы дзяржаўны савет узначальвае лідэр Расеі, то саўмін – прадстаўнік Беларусі і наадварот.
Памочнік расейскага лідэра падкрэсліў, што абавязкова пройдзе двухбаковая сустрэча У.Пуціна з "гаспадаром" самітаў СНД, ЕўрАзЭС і АДКБ, прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам. "Прэзідэнты абмяркуюць узаемадзеянне ў інтэграцыйных аб'яднаннях, ваеннае, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў энергетычнай сферы, становішча ў Сярэдняй Азіі, сітуацыю вакол Аўганістана", – паведаміў С.Прыходзька. "Расейскі бок хацеў бы скарыстацца глыбокім веданнем кіраўніцтва Таджыкістана сітуацыі, звязанай з Аўганістанам", – прызнаўся ён.