Беларуская мова адноўленая ў правах
1- 5.10.2007, 9:45
4 кастрычніка адбылося пасяджэнне суду Цэнтральнага раёна Гомеля па справе актывіста дэмакратычнага руху Сяргея Сямёнава. Нагадаем, 9 верасня на беларуска-ўкраінскай мяжы супрацоўнікі мытні склалі на актывіста адміністрацыйны пратакол за адмову запаўняць дэкларацыю на расейскай мове.
С.Сямёнаў патрабаваў беларускамоўныя бланкі, але яны яму не былі прадстаўленыя. 4 кастрычніка актывіст, які цяпер знаходзіцца ва Украіне, не змог асабіста прысутнічаць на судзе ў сувязі з дрэнным станам здароўя, таму накіраваў заяву з просьбай перанесці слуханне або вынесці пастанову без яго ўдзелу.
Як паведаміў БелаПАН сябра Беларускага Хельсінкскага камітэта Віктар Адзіночанка, суддзя Віктар Казачок выслухаў супрацоўнікаў мытні і зачытаў заяву С.Сямёнава, пасля чаго пастанавіў спыніць адміністрацыйную справу ў дачыненні Сяргея Сямёнава "ў сувязі з адсутнасцю складу правапарушэння".
Паседжанне аднойчы ўжо адкладалася – першым разам яно мусіла адбыцца 24 верасня. Аднак С.Сямёнаву ў судзе паведамілі пра перанос паседжання на 4 кастрычніка, пры гэтым прычыны такога рашэння не былі агучаныя. Як мяркуе актывіст, такія дзеянні суду былі звязаныя з шырокім рэзанансам, які атрымала яго справа, а таксама заўвагамі кіраўнікоў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў Беларусі.
Нагадаем, 18 верасня старшыня Канстытуцыйнага суду Беларусі Рыгор Васілевіч на семінары ў Менску заявіў, што «адказнасць за непавагу да дзяржаўнай мовы ніхто не адмяняў». Як прыклад непаважлівага стаўлення да нацыянальнай мовы кіраўнік КС прывёў сітуацыю з Сяргеем Сямёнавым. «Такія выпадкі недапушчальныя, – падкрэсліў Р.Васілевіч.
"Для мяне стала вялікай нечаканасцю, што суд мяне апраўдаў, тым больш што справа разглядалася без мяне. Толькі нядаўна мне патэлефанаваў праваабаронца і паведаміў, што паседжанне ўсё-ткі адбылося. Безумоўна, гэта перамога па аднаўленні ў законных правах нашай роднай мовы. Будзем спадзявацца, што неўзабаве на мытнях будуць падаваць дэкларацыі на беларускай мове", – адзначыў у інтэрв'ю БелаПАН С.Сямёнаў.
30 жніўня актывіст ужо прыцягваўся судом да адміністрацыйнага штрафу ў 930 тысяч рублёў за адмову запаўняць мытную дэкларацыю на расейскай мове.