2 красавiка 2025, Серада, 2:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы судзяцца з урадам

5 кастрычніка а 10 гадзіне ў будынку Вышэйшага Гаспадарчага Суду (Менск, вул.Валадарскага,8) пачалося судовае паседжанне па пазове РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» да Савета міністраў і Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь аб пакрыцці страт.

Нагадаем, што 13 верасня адбылося падрыхтоўчае паседжанне па дадзенай справе. Прадстаўнікі дзяржаўнай казны выказалі нязгоду з пазовам. Прадстаўнікі Савета міністраў на папярэдняе слуханне не з'явіліся. Суд абавязаў адказчыкаў падаць пісьмовыя пярэчанні на пазоў.

У прысутнасці прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, журналістаў і праваабаронцаў суддзя Кацярына Караткевіч заслухала прадстаўніка Міністэрства фінансаў, які заявіў, што прэзідэнцкі Указ № 460, прыняты ў лістападзе 2003 года, усталяваў парадак вызвалення ад выплаты падаткаў сродкаў, атрыманых у рамках тэхнічнай дапамогі.

У той жа час, БХК настойвае на тым, што да лістапада 2003 г. Рэспубліка Беларусь не выконвала свае абавязальніцтвы па міжнароднай дамове ў рамках супрацоўніцтва Беларусі з Звязам еўрапейскіх супольнасцяў па праграме ТАСІС. Па віне вышэйшых органаў улады сітуацыя з вызваленнем ад выплаты падаткаў не была ўрэгуляваная. На думку Вышэйшага Гаспадарчага Суду, выкладзенай у пастанове Прэзідыума ад 20 снежня 2005 года Урад Беларусі, па дамове, абавязаны быў імплементаваць у нацыянальнае заканадаўства парадак вызвалення ад выплаты падаткаў грашовых сродкаў, атрыманых па праграме ТАСІС і гарантаваць іх атрымальнікам у сувязі з гэтым падатковыя прэферэнцыі. Бяздзейнасць Урада прывяла да страты БХК падатковых льгот па атрыманых і выдаткаваных сродках да ўвядзення Указу №460, з прычыны чаго БХК былі даналічаныя вялізныя падаткі і ўжытыя штрафныя санкцыі (на суму, эквівалентную 75 тыс. даляраў ЗША).

Органы папярэдняга расследавання спынілі крымінальную справу па няплаце падаткаў (арт.243 КК) у дачыненні службовых асоб БХК за адсутнасцю грамадска небяспечнай дзеі, прадугледжанай крымінальным законам (п.1 арт.29 КПК). Пры гэтым яны зыходзілі з таго, што пры адсутнасці нацыянальных норм па льгатаванні грашовых сродкаў тэхнічнай дапамогі дзейнічаюць нормы міжнароднай дамовы і прынцып добрасумленнага выканання міжнароднай дамовы.

БХК спадзяецца, што разгляд пазову будзе адкрытым, бесстароннім і справядлівым і дазволіць Рэспубліцы Беларусь наладзіць канструктыўнае супрацоўніцтва з Еўрапейскім Звязам па аказанні тэхнічнай дапамогі, падвысіць прэстыж Беларусі як прававой дзяржавы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках