Амбасадар Нямеччыны: Ад правядзення Еўрапейскага Марша будуць залежаць далейшыя ўзаемаадносіны з Беларуссю
5- 5.10.2007, 12:50
Еўропа спадзяецца, што Еўрапейскі Марш, запланаваны на 14 кастрычніка ў Менску, пройдзе мірна. Замежныя госці збіраюцца ўзяць удзел у акцыі ў выпадку, калі ім не будзе адмоўленае ва ўездзе на беларускую тэрыторыю, паведамляе “Нямецкая хваля”.
Па словах старшыні аргкамітэта Еўрапейскага Марша Віктара Івашкевіча, кіраўнікі заходніх дыпламатычных місій уважліва сочаць за дзеяннямі беларускага кіраўніцтва напярэдадні правядзення акцыі.
У прыватнасці, яны выказваюць заклапочанасць у сувязі з «рэпрэсіямі, якія маюць месца падчас падрыхтоўкі Еўрапейскага Марша».
Віктар Івашкевіч падкрэсліў, што на думку дыпламатаў, паводзіны беларускіх улад падчас Марша стануць лакмусавай паперкай для вызначэння, наколькі шчыра яны хочуць наладжваць стасункі з Еўропай.
Па сцвярджэнні Віктара Івашкевіча, не застаўся ўбаку і кіраўнік дыпмісіі Нямеччыны ў Беларусі Гебхардт Вайс.
У публічным выступе з нагоды Дня германскага адзінства 3 кастрычніка нямецкі амбасадар згадвае Еўрапейскі Марш і адзначае, што ад яго правядзення будуць залежаць далейшыя ўзаемаадносіны Нямеччыны і Еўразвяза з Беларуссю.
Лідэры і актывісты дэмакратычнай апазіцыі накіравалі запрашэнні на ўдзел у Маршы шматлікім замежным палітыкам. Па словах кіраўніка Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, найперш, гэта людзі, якія выявілі зацікаўленасць у Беларусі, прадэманстравалі салідарнасць з дэмакратычнай Беларуссю.
«Гэта ўсе еўрадэпутаты, якія ўваходзяць у дэлегацыю па сувязях з Беларуссю на чале з польскім дэпутатам Еўрапейскага парламента Богданам Кліхам», – сказаў Вінцук Вячорка.
Сярод магчымых госцяў таксама спікер Еўрапарламента Ханс-Герт Петэрынг, дакладчыкі па Беларусі з розных парламенцкіх асамблей.
Як адзначыў Вінцук Вячорка, жаданне прыехаць у Менск выказаў і дакладчык па Беларусі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Андреа Рыгоні, але прыбудзе ў сталіцу ён праз дзень пасля Еўрапейскага Марша, каб ацаніць яго вынікі.
Намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч паведаміў, што на Марш запрошаныя таксама кіраўнікі сацыялістычных і сацыял-дэмакратычных партый еўрапейскіх дзяржаў.
Па словах старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, усім актывістам дэмакратычных сілаў і сябрам Палітрады АДС, якія знаходзяцца ў замежных паездках, дадзенае даручэнне запрасіць вядомых палітыкаў на Марш або заклікаць іх у сваіх пасланнях падтрымаць удзельнікаў Еўрапейскага Марша.
Анатоль Лябедзька сказаў, што Рональд Поффала, вядомы ў Беларусі нямецкі палітык і адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Ангелы Меркель, ужо даслаў такое прывітанне, у тым ліку і ад канцлера.
Па словах Анатоля Лябедзькі, еўрапейская тэма з'яўляецца шырэйшай і выходзіць за межы Еўрапейскага Звязу. Таму запрашэнні ўзяць удзел у акцыі 14 кастрычніка накіраваныя і ўкраінскім палітыкам, у прыватнасці, лідэрам блокаў Юліі Цімашэнкі і «Наша Украіна – Народная самаабарона». Выказаў жаданне прыехаць на Марш і дэпутат расейскай Дзярждумы Уладзімір Рыжкоў, вядомы сваімі праеўрапейскімі поглядамі.
Але не ўсе жадаючыя замежныя палітыкі, адзначыў Анатоль Лябедзька, змогуць узяцьудзел у акцыі.
Напрыклад, дэпутаты эстонскага парламента і прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Эстоніі выказалі гатоўнасць прыехаць, але яны з'яўляюцца неўязднымі ў Беларусь.
Рашэнне беларускіх улад – пусціць або не пусціць заходніх палітыкаў у краіну, на думку Анатоля Лябедзька, таксама прадэманструе, наколькі афіцыйны Менск зацікаўлены ў развіцці стасункаў з дэмакратычнай Еўропай.