Прадпрымальнікі выйдуць на Еўрапейскі Марш
2- 5.10.2007, 10:58

Валеры Леванеўскі заклікаў прадпрымальнікаў узяць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні Еўрапейскага Марша «За свабоду». На думку лідэра прадпрымальнікаў, праблемы развіцця малога бізнэсу ў Беларусі шчыльна звязаныя з праблемамі ўсяго народа, агульнай галечай і бяспраўем беларускіх грамадзян.
«Сёння мы ўсе аднолькава не абароненыя ад самавольства тых, хто мае ўладу, і толькі сумеснымі дзеяннямі грамадзянская супольнасць можа дамагчыся незалежнай і квітнеючай Беларусі. Улада не толькі абавязаная дазволіць дадзенае мерапрыемства, але і павінна аказаць усякае садзейнічанне ў яго правядзенні», – адзначыў былы палітвязень.
Еўрапейскі Марш "За свабоду!" пройдзе ў Менску 14 кастрычніка. Ідэя правядзення Марша нарадзілася ў беларускай грамадзянскай супольнасці, як рэакцыя на зварот Еўразвяза да ўрада і народа Беларусі “Што Еўрапейскі Звяз можа даць Беларусі”. У нашай краіне гэты дакумент вядомы як "12 прапаноў Еўразвяза".
Мэтай Еўрапейскага Марша з'яўляецца дэманстрацыя еўрапейскага выбару беларускага народа. Беларусы хочуць жыць у багатай і свабоднай краіне, а не ў дзяржаве татальнай хлусні і падману.
Пакуль кіраўніцтва Беларусі па сутнасці не адказвае на прапановы ЕЗ. Хоць вынікі апошніх сацыялагічных апытанняў, праведзеных незалежнымі і дзяржаўнымі сацыялагічнымі службамі, сведчаць пра тое, што большасць беларусаў пазітыўна ставяцца да наладжвання стасункаў з Еўропай, падтрымліваюць еўрапейскі вектар развіцця краіны.
“Еўрапейскі Марш "За свабоду" – шлях да дыялогу і грамадзянскай згоды ў Беларусі. Гэта шанец для дэмакратычнага абнаўлення і эканамічнага росквіту”, – лічаць арганізатары Еўрапейскага Марша.