2 красавiка 2025, Серада, 8:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Бі-бі-сі»: Абрамовіч мае намер павыкупляць беларускую нафтахімію

4
«Бі-бі-сі»: Абрамовіч мае намер павыкупляць беларускую нафтахімію

Таемны бліц-візіт Рамана Абрамовіча ў Менск спарадзіў хвалю чутак. Толькі парз тыдзень стала вядома, што расейскі мільярдэр прылятаў не з прычыны прыхільнасці да спорту і прыгожага полу, а строга па справах, паведамляе Расейская служба радыёстанцыі «Бі-бі-сі».

Абрамовіч прыляцеў у Менск 25 верасня з Лондана на ўласным "Боінгу" і прабыў у беларускай сталіцы 3 гадзіны 37 хвілін.

Услед за "Боінгам" у старым менскім аэрапорце, які знаходзіцца практычна ў цэнтры горада, прызямліўся самалёт з дэлегацыяй расейскіх бізнэсмэнаў на чале з прэзідэнтам "Слаўнафты" Юрыем Суханавым.

Генеральны дырэктар прадстаўніцтва "Слаўнафты" ў Менску Сяргей Шаўчэнка ў чацвер, 4 кастрычніка, паведаміў "Комсомольской правде в Беларуси", што Раман Абрамовіч абмяркоўваў з Лукашэнкам перспектывы інвестыцыйнай дзейнасці.

Якія галіны беларускай эканомікі або гаспадарчыя аб'екты цікавяць Абрамовіча, – пакуль не вядома.

"Абрамовіч з тых алігархаў, якія іграюць па правілах з Крамля, і ў Беларусі будзе адстойваць расейскія інтарэсы", – сцвярджае Станіслаў Шушкевіч.

Аналітыкі ў Менску, зрэшты, звяртаюць адмысловую ўвагу на падвышаную сакрэтнасць мінулых перамоў.

"Апошнім часам прыняцце важных для Беларусі эканамічных рашэнняў усё больш і больш засакрэчваецца", – адзначае палітолаг Валеры Карбалевіч.

"Закрытасць камерцыйных пагадненняў, якія здзяйсняе беларускае кіраўніцтва, сама па сабе гаворыць: тут не ўсё чыста, тут, відаць, ёсць нейкія "шэрыя" схемы, якія ўлады спрабуюць схаваць ад грамадскага кантролю, – працягвае ён. – Але беларускія прадпрыемствы – хаця б фармальна – належаць усяму народу, а не толькі кіраўніцтву!"

Хваля прыватызацый

Зрэшты, беларуская дзяржава ўжо рассталася з кантрольным пакетам акцый у МЦС (гандлёвая марка Velkom) – найбуйнейшым у краіне аператарам сотавай сувязі.

У канцы жніўня без абяцанага публічнага тэндэрнага гандлю ўласнікам кампаніі стаў кіпрскі "SB Telekom Ltd".

Сума пагаднення не выдавалася, хоць пра яе памеры можна судзіць па таму, што 70% актываў прыватнага замежнага прадпрыемства толькі што выкупіла "Telekom Austria Group" за 1,05 млрд. еўра.

Менскі мотавелазавод напрыканцы лета таксама перайшоў у рукі аўстрыйцаў – фірма АТЕС Holding GmbH набыла 93% акцый за суму ў 7,2 млн. дал. Незалежныя эксперты называюць продаж "Мотавела" невыгодным і зноў зважаюць на закрытасць пагаднення.

"Распродаж беларускай уласнасці толькі пачынаецца, – сцвярджае Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтра "Стратэгія". – Ёсць 132 млрд. даляраў народнай уласнасці, якая пакуль яшчэ наменклатурай не падзеленая".

Лукашэнка, зрэшты, не аднойчы падкрэсліваў: "Нам не патрэбная прыватызацыя, у выніку якой узніклі б алігархі. Гэта народныя прадпрыемствы, хай гэта нават камусьці не падабаецца. І гэта не можа належаць нейкаму аднаму чалавеку".

І таксама не аднойчы беларускі кіраўнік публічна заяўляў: "Я насамрэч нічога нікому не аддаю. А прадаць – калі ласка, за добрую цану. Проста так ніхто нічога аддаваць не будзе".

Паводле ацэнцы экспертаў Цэнтра глабальных даследаванняў (Global Insight), зробленай на пачатку жніўня, беларуская эканоміка знаходзіцца на парозе дэфолту.

"Замест глыбокай эканамічнай рэструктурызацыі беларускае кіраўніцтва практычна пачало тайны распродаж акцый дзяржаўных прадпрыемстваў", – сцвярджае кіраўнік даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук.

Па сцвярджэнні некаторых аналітыкаў, "на продаж" вось-вось будуць выстаўленыя прадпрыемствы хімічнай галіны і беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, рэнтабельнасць якіх пасля ўвядзення Расеяй экспартнай пошліны на нафту з 28% знізілася за мінулыя паўгода да 1-5%.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках