Эльмар Брок: Свабода, урэшце, пераможа
- 5.10.2007, 14:19

Дэпутат Еўрапарламента Эльмар Брок (Elmar Brock) у інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» выказаў свае думкі з нагоды Еўрапейскага Марша і перспектывы стасункаў паміж Беларуссю і Еўропай.
– Беларуская апазіцыя актыўна рыхтуецца да правядзення Еўрапейскага Марша 14 кастрычніка. У акцыі плануюць узяць удзел і еўрапейскія палітыкі, а афіцыйныя асобы краіны пакуль маўчаць. Што для Беларусі азначае гэтая акцыя – Еўрапейскі Марш?
– Такая акцыя паказвае, што ўсё-ткі ў Беларусі існуе грамадзянская супольнасць, а таксама палітычныя сілы, якія імкнуцца да ўсталявання еўрапейскага палітычнага ўладкавання ў краіне.
– Як Еўропа можа падтрымаць развіццё дэмакратыі ў Беларусі?
– Мы ўвесь час выказваем салідарнасць з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, імкнёмся наладзіць кантакт з імі, запрашаем на розныя мерапрыемствы. Калі ў Беларусі прыжывуцца прынцыпы дэмакратыі, і будуць захоўвацца правы чалавека, Еўропа зможа дзейнічаць больш актыўна. Я лічу, што найперш, мы павінны дапамагчы дэмакратычным сілам паінфармаваць беларусаў аб магчымасцях, якія даюць свабода, дэмакратыя і супрацоўніцтва з Еўропай.
– Як гэтага можна дамагчыся?
– Еўропа павінна прадэманстраваць Беларусі, што ўсе краіны з дэмакратычным ладам і рынкавай эканомікай маюць высокі ўзровень жыцця. Дэмакратычнае ўладкаванне краіны дазваляе людзям, найперш, свабодна перасоўвацца, без боязі выказваць свае думкі, а таксама прымаць рашэнні ў прафесійным плане. Усё гэта спрыяе развіццю асобы, аднак магчыма толькі пры існаванні дэмакратыі ў краіне. Таму наша задача – выразна паказаць адрозненні паміж палітычнай сістэмай у краінах Еўропы і ў Беларусі, дзе людзі проста не бачаць для сябе ніякіх перспектыў.
– Якія перспектывы ў стасункаў Еўропы і Беларусі?
– Еўропе неабходна і далей падтрымліваць дэмакратычныя сілы ў Беларусі. Еўропа таксама павінна паказаць, што стаіць на баку дэмакратаў. А калі беларусы будуць імкнуцца да свабоды, то ўлады будуць змушаныя саступіць. Што тычыцца дзеянняў беларускага ўрада, найперш, ім неабходна вызваліць палітвязняў і даць магчымасць развівацца дэмакратычным працэсам у краіне. Свабода, урэшце, пераможа, гісторыя не раз гэта даказвала. Таму той, хто гэтаму замінае, паступае не вельмі разумна.