Перад навалай з Усходу, станем мы мурам каменным
5- 5.10.2007, 16:00

Радкі з вядомай беларускай ваеннай песні лепш за ўсё характарызуюць буйнамаштабныя вучэнні, якія праходзяць цяпер у Беларусі. Беларускія вайскоўцы адпрацоўваюць дзеянні па абароне суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і недатыкальнасці межаў Беларусі.
Камандна-штабное вучэнне Узброеных сілаў Беларусі пачалося ў Беларусі і працягнецца да 10 кастрычніка, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства абароны рэспублікі.
"Асноўнымі мэтамі вучэння з'яўляюцца практычная адпрацоўка войскамі абароны тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі, а таксама ўдасканаленне здольнасці Узброеных сілаў і іншых фармаванняў прадухіляць дыверсіі на тэрыторыі рэспублікі", – заявілі ў прэс-службе.
Таксама, па словах вайскоўцаў, "вучэнне пераследуе мэту ўдасканалення зладжанасці і ўзаемадзеяння органаў вайсковага ўпраўлення з іншымі войскамі, воінскімі фармаваннямі і органамі выканаўчай улады ў арганізацыі тэрытарыяльнай і грамадзянскай абароны; удасканаленні навыкаў кіруючага і аператыўнага складу органаў вайсковага кіравання ў выкананні функцыянальных абавязкаў у перыяд нарастання ваеннай пагрозы і ў ваенны час".
Акрамя таго, будзе праведзенае даследаванне пытанняў ужывання новых спосабаў вядзення вайсковых дзеянняў, сучасных і перспектыўных сродкаў вядзення ўзброенай барацьбы, адзначылі ў прэс-службе.
Камандна-штабное вучэнне пройдзе ў два этапы. Падчас першага этапу будуць адпрацаваныя пытанні ўжывання Узброеных сілаў, іншых войскаў і воінскіх фармаванняў ва ўмовах нарастання ваеннай пагрозы – перавод войскаў ваеннай арганізацыі дзяржавы з мірнага на ваенны час і планаванне іх дзеянняў. На дадзеным этапе ў мэтах навучання кіраванню падпарадкаванымі і непасрэдна дзеянням падраздзяленняў будзе ажыццёўлены прызыў 850 ваеннаабавязаных з запасу, распавялі ваенныя.
Паводле іх слоў, другім этапам стане прымяненне сілаў і сродкаў у ваенны час ва ўмовах процідзеяння дэсантна-дыверсійным сілам і пазапраўным узброеным фармаванням.
Да ўдзелу ў вучэннях прыцягваюцца злучэнні і воінскія часткі Ваенна-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны, Сухапутныя войскі, камандаванне сілаў спецыяльных аперацый Узброеных сілаў, войскі тэрытарыяльнай абароны, сілы і сродкі Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, дзяржаўнага камітэта памежных войскаў Беларусі, – паведамілі ў прэс-службе беларускага Мінабароны.
Там удакладнілі, што ўсяго ў вучэнні возьмуць удзел каля 7500 чалавек асабістага складу, больш за 1000 адзінак бранятанкавай і аўтамабільнай тэхнікі, 16 самалётаў і шрубалётаў.
Нагадаем, што расейскія вайскоўцы ўпершыню за апошнія гады не запрошаныя на буйнамаштабныя вучэнні беларускага войска. "На цяперашнія вучэнні мы расейскіх вайскоўцаў не запрашалі. Цяпер будуць адпрацоўвацца пытанні ўнутранай абароны тэрытарыяльнай цэласнасці краіны", – сказаў прадстаўнік прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі.