Расейская знешняя выведка зоймецца СНД
- 5.10.2007, 16:17
Сяргей Лебедзеў, які да цяперашняга часу займаў пасаду дырэктара Службы знешняй выведкі Расеі, зацверджаны выканаўчым сакратаром СНД.
Адпаведнае рашэнне прынятае без галасавання на саміце СНД у Душанбе. Кандыдатуру С.Лебедзева прапанавала Расея.
Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, старшынствуючы ў СНД, абвясціў пасля сустрэчы "вузкім колам" лідэраў краін Садружнасці, што кандыдатуру С.Лебедзева падтрымалі ўсе прэзідэнты, якія ўдзельнічаюць у саміце.
С.Лебедзеў зменіць на пасадзе выканаўчага сакратара СНД Уладзіміра Рушайлу.
Старшынёй СНД становіцца Кыргызстан, наступны саміт Садружнасці пройдзе ў верасні 2008 года ў Бішкеку, паведаміў на саміце СНД прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў.
Нагадаем, што сёння, 5 кастрычніка, у Душанбе адкрыўся саміт СНД. У ім возьмуць удзел прэзідэнты Расеі, Таджыкістана, Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана, Туркменістана, Грузіі, Азербайджана, Малдовы і кіраўнік МЗС Украіны.