Уве Хальбах: «СНД не існуе з канца 90-х»
- 5.10.2007, 17:24
СНД ужо доўгі час успрымаюць як нейкае метафізічнае стварэнне. І яно працягвае існаваць толькі таму, што ў яго роспуску няма ніякай неабходнасці, лічыць нямецкі эксперт Уве Хальбах.
У Душанбе праходзіць чарговы саміт Садружнасці незалежных дзяржаў. Яго ўдзельнікі маюць намер абмеркаваць не толькі пытанні сучаснай палітыкі, але і перспектывы далейшага развіцця арганізацыі. Якую ролю іграе СНД для краін постсавецкай прасторы, і якое значэнне надаюць яму на Захадзе, "Нямецкай хвалі" распавёў эксперт нямецкага фонду "Навука і палітыка" Уве Хальбах (Uwe Halbach).
– Якую ролю іграе Садружнасць незалежных дзяржаў у нашы дні?
– Паказальна хаця б тое, што саміт СНД не выклікае вялікага рэзанансу ў свеце. Увагі да яго значна менш, чым, напрыклад, да саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, які праходзіў нядаўна. На постсавецкай прасторы і суседніх з ім тэрыторыях з'явіліся рэгіянальныя арганізацыі, частка з якіх маюць больш зместу і выклікаюць да сабе большую ўвагу сусветнай супольнасці, чым СНД. Садружнасць незалежных дзяржаў ужо доўгі час успрымаюць як нейкае метафізічнае стварэнне. І яно працягвае існаваць толькі таму, што ў яго роспуску няма ніякай неабходнасці. Фактычна ж СНД не існуе ўжо з канца 90-х гадоў. Прэзідэнт Узбекістана Карымаў неяк сказаў: дамовы ў рамках СНД складаюць толькі таму, што ўсе выдатна ведаюць – выконваць іх ніхто не будзе. На ўзроўні СНД былі падпісаныя каля 400 розных пагадненняў, але толькі невялікая частка з іх ажыццёўленая.
– Ці ёсць увогуле сэнс марнаваць сілы і час на падпісанне пагадненняў, якія загадзя не выконваюцца?
– Краіны-ўдзельніцы СНД раз-пораз задаюць сабе пытанне наконт сэнсу існавання гэтай арганізацыі. Сярод іх – Грузія, стасункі якой з Расеяй апошнім часам пагоршыліся. У Грузіі пытаюцца, у прыватнасці, а навошта неабходна СНД, калі ўнутры яго ідуць гандлёвыя войны? Або ўводзяць узаемныя эмбарга на імпарт, як было ў выпадку з Расеяй, Грузіяй і Малдовай. Якое ўвогуле значэнне тады мае СНД? А першапачаткова ў рамках Садружнасці гаворка ішла пра мытны саюз дзяржаў-удзельнікаў, іх цеснае эканамічнае супрацоўніцтва і гэтак далей. Аднак у рэчаіснасці замест кансалідацыі адбылося дыверсіфікаванне інтарэсаў.
– Удзельнікі саміту СНД у Душанбе маюць намер абмеркаваць і пытанні актуальнай палітыкі: праблемы міграцыі, барацьбы з тэрарызмам і гэтак далей. Так што, відаць, агульныя інтарэсы ў дзяржаў Садружнасці яшчэ захаваліся…
– Безумоўна. Маштабы міграцыі на постсавецкай прасторы, напрыклад, дужа вялікія, роўных ім у свеце вельмі мала. Міграцыя ўяўляе сабою праблему для ўсіх краін Садружнасці. Насамрэч, яе ўжо вырашаюць у рамках іншых рэгіянальных арганізацый. Але тэма гэтая, безумоўна, застаецца надзённай і для СНД. Што ж тычыцца тэрарызму, то ў Менску ў рамках СНД ужо створаны антытэрарыстычны цэнтр. Пытанне толькі ў тым, ці эфектыўная яго праца.