Хаўер Салана: «Дыялог апазіцыі і ўлады дапаможа Беларусі ў яе развіцці»
4- 5.10.2007, 18:29

Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага Звязу па знешняй палітыцы і бяспецы Хаўер Салана вітае правядзенне Еўрапейскага Марша ў Менску і заяўляе, што жаданне дэмакратычных сілаў Беларусі пачаць рэальны дыялог з уладай – важны і канструктыўны крок. Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ лічыць абсалютна недапушчальным затрыманне беларусаў за еўрапейскую сімволіку ці за выказванне сваіх палітычных поглядаў. "Практычнае супрацоўніцтва Еўразвяза з Беларуссю павінна грунтавацца на агульных каштоўнасцях", – заявіў у эксклюзіўным інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Хаўер Салана.
– Беларуская апазіцыя прапанавала ўладам дыялог з мэтай прадухіліць эканамічны крызіс і распачаць дэмакратычны працэс у краіне. Ці гатовы Еўразвяз садзейнічаць унутрыбеларускаму дыялогу і быць пасярэднікам у выпадку згоды ўлад супрацоўнічаць з апазіцыяй?
– Па-першае, дазвольце мне горача павітаць той факт, што грамадзянская супольнасць і апазіцыя выразна вызначылі сваё жаданне пачаць рэальны дыялог з уладай. Гэта важны і канструктыўны крок. Хацелася б спадзявацца, што ўлады прымуць гэтую прапанову. Дыялог дапамог бы Беларусі ў яе развіцці.
Для поспеху кожнага дыялогу неабходны, найперш, унутраны працэс. Калі такі дыялог пачнецца, мы будзем уважліва сачыць за ім. Усялякі знешні ўдзел магчымы толькі пры жаданні абодвух бакоў.
– 14 кастрычніка ў Менску пройдзе Еўрапейскі Марш дзеля дэманстрацыі падтрымкі прапаноў Еўразвяза "Што Еўрапейскі Звяз можа даць Беларусі". Арганізатары Еўрапейскага Марша выступілі з прапановай уладам правесці акцыю сумесна. Калі так адбудзецца, ці расцэніць гэта Еўразвяз як пазітыўны сігнал? Ці здольныя такія прапановы апазіцыі паўплываць на нармалізацыю стасункаў паміж Беларуссю і Еўразвязам?
– Еўрапейскі Марш 14 кастрычніка плануецца як мірнае мерапрыемства, якое аб’яднае шырокія пласты беларускага грамадства. Ён праводзіцца ў падтрымку больш шчыльных стасункаў паміж Беларуссю і Еўразвязам. Вось што мы падтрымліваем.
Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці падкрэслілі неканфрантацыйны характар акцыі. Разам з ідэяй правядзення дыялогу, як я ўжо згадаў вышэй, я горача вітаю прапанову арганізатараў уладам аб сумесным правядзенні Марша. У сувязі з гэтым я хацеў бы выказаць сваё здзіўленне і турботу з нагоды 15-сутачных арыштаў арганізатараў Марша. Іх пазбавілі магчымасці ўдзельнічаць у акцыі. Гэта вельмі негатыўны сігнал.
Еўразвяз, вядома, прывітаў бы сумесныя намаганні грамадзянскай супольнасці і ўлад, што ўспрымалася б як грамадскі кансенсус па пытанні аб паляпшэнні стасункаў з ЕЗ. Калі ў выніку ўлады адкажуць на нашу занепакоенасць сітуацыяй у краіне, гэта дазволіць нам палепшыць стасункі.
– Сёлета беларускія ўлады неаднаразова выказвалі жаданне супрацоўнічаць з Еўропай. У той самы час Беларусь з'яўляецца адзінай дзяржавай у Еўропе, дзе грамадзян саджаюць у турму за сцягі і іншую сімволіку Еўрапейскага Звязу, як гэта адбываецца цяпер. Ці падтрымае Еўразвяз праеўрапейскі настроеных людзей?
– Ключ да паляпшэння стасункаў застаецца ў беларускіх улад. Еўразвяз выразна даў зразумець, што ён хоча будаваць больш шчыльныя стасункі з Беларуссю, уключна з распаўсюджваннем на яе ўсіх выгод Еўрапейскай палітыкі суседства. Шырокамаштабнае супрацоўніцтва ЕЗ і Беларусі было б вельмі выгоднае для абодвух бакоў.
Беларускае кіраўніцтва публічна дало зразумець, што яно таксама хоча такога супрацоўніцтва, асабліва ў сферы энергетыкі і транспарту. Аднак практычнае супрацоўніцтва павінна грунтавацца на агульных каштоўнасцях. Для поўнага ўдзелу з нашага боку мы павінны бачыць вельмі выразныя крокі беларускага ўрада ў адказ на нашу добра вядомую заклапочанасць. Абсалютна неабходным крокам з'яўляецца вызваленне палітычных зняволеных.
Я згодны, што затрыманне людзей за еўрапейскую сімволіку ці за выказванне сваіх палітычных поглядаў з'яўляецца абсалютна недапушчальным. Мы вельмі ўважліва сочым за гэтым і працягваем рэзка рэагаваць у выпадку неабходнасці.
– Вы вядомыя як адзін з архітэктараў аб'яднанай Еўропы, ці ёсць у Беларусі шанец увайсці ў будучым у склад Еўразвяза?
– У выніку выбару, зробленага беларускім кіраўніцтвам, стасункі паміж ЕЗ і Беларуссю ўсё яшчэ знаходзяцца на пачатковым этапе. ЕЗ хоча супрацоўнічаць з Беларуссю таксама, як ён супрацоўнічае з Украінай і Малдовай, асноўваючыся на агульных каштоўнасцях.
У дачыненні Украіны я сказаў, што якасць і глыбіня нашых стасункаў залежыць ад якасці дэмакратыі і рэформ ва Украіне. Усё вышэйсказанае тычыцца таксама і Беларусі. Наперадзе ў нас доўгі шлях усталявання блізкіх стасункаў. Я спадзяюся, што беларускае кіраўніцтва нарэшце пачне дзейнічаць і створыць умовы, якія дазволяць Беларусі дагнаць сваіх больш паспяховых суседзяў.