Андрэй Саньнікаў: «У Эўропе чакаюць пазытыўнага сыгналу»
- 8.10.2007, 10:00
Сёньня менскія гарадзкія ўлады могуць даць афіцыйны дазвол на правядзеньне Эўрапейскага Маршу. Амбасадары краінаў Эўразьвязу выказалі падтрымку мірнай акцыі і будуць сачыць за хадой правядзеньня Эўрапейскага Маршу.
Пытаньне пра афіцыйны дазвол на правядзеньне Эўрапейскага Маршу гарадзкія чыноўнікі могуць даць цягам дня. Паводле беларускага заканадаўства, дазвол на правядзеньне масавага мерапрыемства мусіць быць дадзены не пазьней за пяць дзён да даты правядзеньня акцыі.
“Мерапрыемства адбудзецца ў заяўлены час – у 14 гадзін 14 кастрычніка ад Кастрычніцкай плошчы да бібліятэкі. Адзінае, што ўлады могуць зрабіць – гэта даць дазвол і не перашкаджаць, як мінімум. Тады яны змогуць прадэманстраваць, што яны сталі на шлях перастройкі,” – заявіў “Радыё Свабода” старшыня аргкамітэту ў падрыхтоўцы Эўрапейскага Маршу Віктар Івашкевіч.
Удзельнік перамоўнай групы Еўрапейскага Маршу, каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саньнікаў зазначыў:
“Цяпер ад уладаў залежыць, як вырашыць гэтае пытаньне, бо пытаньне не ў самім Эўрапейскім Маршы, не ў самой дэманстрацыі апазыцыі, а ўвогуле гаворка ідзе пра стасункі Беларусі з Эўропай. Думаю, што рэакцыя будзе адпаведная. У Эўропе чакаюць пазытыўнага сыгналу. Гэта яшчэ можна зрабіць. Думаю, ёсьць час, каб вырашыць гэтае пытаньне. Мы гатовыя для гэтага. Мы стварылі перамоўныя групы, накіравалі адпаведныя запыты і размаўляем з афіцыйнымі асобамі”.