26 сакавiка 2025, Серада, 9:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дазвольны штамп на выезд за мяжу не адменяць да 2011 года?

У АВІРы мяркуюць, што верагоднасць адмены пячаткі з Новага году 50/50, а ў Канстытуцыйным судзе – 100%. Аднак у Інтэрнэце абмяркоўваюць выпадак, як аднаму з мінчукоў у АВІРы прапанавалі рабіць дазвольны штамп на выезд за мяжу на 5 год. Маўляў, супрацоўнік аддзела сказаў, што яго не адменяць да 2011 году. Хаця да апошняга часу ў пашпартна-візавых службах, спасылаючыся на яго хуткую адмену, раілі рабіць пячатку на год.

У ліпені міністр ўнутраных спраў Уладзімір Навумаў чарговы раз сказаў, што дазвольны штамп мусяць адмяніць з 1 студзеня 2008 года. “Еўрарадыё” вырашыла даведацца, ці змяніліся планы ўладаў, і датэлефанавалася да ўсіх структураў, ад якіх гэта залежыць.

У Канстытуцыйным судзе, які прыняў рашэнне аб скасаванні пячаткі ў пашпарце з Новага года, начальнік аддзела судовых паседжанняў і кантролю за выкананнем рашэнняў Вячаслаў Скурда запэўніў, што гэта абавязкова.

Скурда: У памежнікаў і МУС яшчэ ёсць час да 31 снежня. Яны нам рэгулярна паведамляюць пра ўжо зробленае.

А вось у мінскіх АВІРах супрацоўнікі ў разгубленасці і нічога акрэсленага сказаць не могуць.

«Ніякага пісьмовага распараджэння няма, але ўсіх папярэдзілі, што з 1 студзеня яго адменяць. Але як будзе праходзіць гэта працэдура, мы пакуль не ведаем і нічога пакуль не адменена. Таму людзі, якія да нас звяртаюцца, адкрываюць сабе пашпарты на год», -- паведамілі з АВІРы Партызанскага раёну.

У пашпартна-візавай службе дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў ацэньваюць верагоднасць адмены дазвольнага штампу як 50/50:

“Лепш за ўсё аформіць на год. Бо закон яшчэ не падпісаны. Таму як усё будзе пасля Новага года невядома. 50 на 50 наогул, ці будзе ён уведзены. Сёння вам 100%-й упэўненасці ніхто не дасць. Ператэлефануйце ў снежні”, -- паведаміў Супрацоўнік пашпартна-візавай службы.

Еўрарадыё таксама звязалася з памежнікамі . Толькі памежнікі ўпэўнілі нас, што ўсё, што залежыць ад іх, будзе падрыхтавана да 31 снежня.

“Канкрэтныя справы ладзяцца ўжо даўно. Мы адпаведным чынам зараз абсталёўваем пункты пропуску. Тое, што залежыць ад нас, будзе зроблена да 31 снежня гэтага года”, -- сказаў афіцэр прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэту Юрый Казачэнка.

Такім чынам, супрацоўнікі пашпартных службаў не ведаюць, ці будуць адмененыя дазвольныя штампы. Існуе рызыка, што калі вам спатрэбіцца падоўжыць пячатку, каб паехаць за мяжу на пачатку года, то можаце не паспець, бо з'явяцца вялікія чэргі.

У АВІРах таксама не ведаюць, ці вернуць мінчукам грошы, калі тыя зробяць сабе пячатку на яшчэ адзін год, а са студзеня яна перастане быць патрэбнай. У адным з раённых АВІРаў Мінску супрацоўнік сумняваецца, што грошы вернуць:

“Не думаю, што нехта будзе займацца праблемай аднаго чалавека і сумай грошай у памеры 30 тысяч. Чалавек мусіць сам прыняць рашэнне: гатовы ён падараваць гэтыя грошы дзяржаве ці не?”.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках