Зімоўскі: «Еўрапейскі Марш – гэта не гламурна»
22- 8.10.2007, 12:04

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі і былы вядучы інфармацыйна-аналітычнай праграмы "Рэзананс" Аляксандр Зімоўскі выказаў свае думкі з нагоды Еўрапейскага Марша. Паводле яго слоў, "сапраўды, месца Беларусі ў Еўропе… але марш пад чужы бляшаны барабан – гэта не гламурна".
"Чакаюць, што ў будучую нядзелю адны беларусы будуць даказваць іншым, хто з іх большы еўрапеец. Нас чакае Еўрапейскі Марш. Што можа лепш засведчыць факт прызнання нашай апазіцыяй якасных пазітыўных змяненняў у беларускім грамадстве? Бо калі ўдумацца, то 10 гадоў таму яны беспаспяхова спрабавалі арганізоўваць "маршы пустых рондаляў". А тут адразу: "Марш у Еўропу!". Прагрэс відавочны", – заявіў Аляксандр Зімоўскі.
Па словах кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі, "адзінае, што бянтэжыць мяне як чалавека з вайскоўцаў – ці не тыя самыя людзі пераконвалі нас раней, што маршыраваць строем і па камандзе з цэнтра ёсць прыкмета шалёнага таталітарызму?", паведамляе "Телеграф" са спасылкай на БелаПАН.
"Сапраўды, месца Беларусі ў Еўропе, хто б спрачаўся. Нават у цэнтры Еўропы. Але марш пад чужы бляшаны барабан — гэта не гламурна. На маю думку, цяперашняя беларуская палітычная эліта, згодна з менталітэтам народа, абрала больш эфектыўную тактыку інфільтрацыі", – падагульніў Аляксандр Зімоўскі.
Беларуская апазіцыя плануе правесці "Еўрапейскі Марш" у гэтую нядзелю, 14 кастрычніка. У пададзенай у Мінгарвыканкам заяўцы адзначаецца, што шэсце пачнецца на Кастрычніцкай плошчы. Пасля дэманстрацыя павінна прайсці па праспекце Незалежнасці да будынка Нацыянальнай бібліятэкі, дзе запланаваны мітынг. Галоўная мэта мерапрыемства, па заявах арганізатараў, паказаць імкненне беларусаў у Еўрапейскі Звяз.