26 сакавiка 2025, Серада, 7:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі закладзеная алея цвярозасці (Фотарэпартаж)

Учора ў вёсцы Мосар, што ў Глыбокскім раёне Віцебскай вобласці, па ініцыятыве мясцовай каталіцкай парафіі і з бласлаўлення ксяндзоў Ёзаса Булькі і Яна Козака была закладзена “Алея цвярозасці”. У пасадцы дрэваў узялі ўдзел каля сотні чалавек.

На мерапрыемства прыехалі сябры шматлікіх грамадскіх арганізацый з Беларусі і Літвы, якія ў сваёй дзейнасці ставяць сабе за мэту распаўсюд ідэі здаровага ладу жыцця і, у прыватнасці, барацьбу з алкагалізмам.

З раніцы ў Мосарскім касцёле адбылася адмысловая служба, пасля якой у мінулым пітучыя людзі распавядалі, як яны здолелі перамагчы шкодную звычку і як змянілася іх жыццё пасля гэтага. Былі і такія, хто шчыра прызнаваўся, што змагаецца з алкаголем і дагэтуль і прыехаў сюды, каб умацавацца духоўна. Паказальна, што ў касцёл прыходзяць і каталікі і праваслаўныя, бо ведаюць, што знойдуць тут маральную падтрымку і дапамогу ў змаганні са сваёй асабістай бядой. Невыпадкова за касцёлам, напачатку алеі ўсталявалі крыжы заходняга і ўсходняга хрысціянства.

Мясцовае насельніцтва з велічэзнай павагай ставіцца да айца Ёзаса, які ад пачатку сваёй службы ў Мосары, яшчэ каля 20 год таму, распачаў безкампрамісную барацьбу з “зялёным зміем”. Шмат хто прызнае, што гэтая праца дае плён. За апошнія 10 год прыкасцёльная зямля літаральна расквітнела. Намаганнямі святара і прыхаджан мястэчка стала падобнае на шляхетны парк, дзе шыкоўныя ядлоўцы, туі, ружы арганічна спалучаюцца з рэлігійнымі скульптурнымі кампазіцыямі і валунамі. Акрамя таго, уздоўж паркавых сцежак пабудаваны вальеры з баранамі, індыкамі і страусамі. Зроблены маляўнічыя сажалкі, берагі якіх аздобленыя вытанчанымі масткамі і альтанкамі.

Цяпер Мосарскі касцёл стаў славутасцю бадай рэспубліканскага ўзроўню. На аўтастаянцы каля касцёла месцілася каля дзясятка аўтобусаў. Людзі рэгулярна прыязджаюць паглядзець на мясцовае дзіва. Таму, па словах мясцовай прадавачкі, яна лёгка выконвае план, нягледзячы на тое, што не прадае алкагольныя напоі і цыгарэты.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках