Арыштаваны заяўнік Еўрапейскага Марша Яўген Афнагель. Улады плююць на заклікі еўрапейцаў
22- 9.10.2007, 0:28
Заяўнік Еўрапейскага Марша, актывіст грамадзянскай кампаніі «Джынс за Свабоду» Яўген Афнагель 8 кастрычніка прысуджаны Цэнтральным судом Менска да 10 сутак арышту. Гэтую інфармацыю сайту Хартыі’97 пацвердзілі ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна, куды апазіцыянер быў змешчаны ўчора ўвечары. Як стала вядома сайту Хартыі’97, вонкавае назіранне за Яўгенам Афнагелем вялося з таго моманту, як актывіст выйшаў з Менгарвыканкама, дзе ён удзельнічаў у перамовах з гарадскімі ўладамі з нагоды правядзення Еўрапейскага Марша. Апазіцыянер быў подла схоплены супрацоўнікамі міліцыі па сфальсіфікаваных абвінавачваннях. Заяўніка Еўрапейскага Марша судзілі на закрытым працэсе без удзелу адваката.
Нагадаем, што 8 кастрычніка актывіст грамадзянскай кампаніі «Джынс за Свабоду» Яўген Афнагель разам з іншымі заяўнікамі Еўрапейскага Марша сустракаўся з кіраўніком ідэалагічнага ўпраўлення Менгарвыканкама Генадзем Курбекам, намеснікам пракурора Менска Аляксандрам Стукам і намеснікам начальніка ГУУС Менгарвыканкама Іванам Мельнікавым. Як сведчыў пасля перамоваў сам Яўген Афнагель, сустрэча з прадстаўнікамі гарадскіх улад прайшла «канструктыўна».
«Абодва бакі выказалі жаданне канструктыўна абмеркаваць варыянты правядзення Еўрапейскага Марша. І улады, і мы выказалі жаданне правесці акцыю мірна. Мы прапанавалі даць інфармацыю аб Еўрапейскім Маршы па дзяржаўных тэлевізійных каналах, радыёстанцыях і газетах, а таксама прасілі даць нам машыны гукаўзмацняльнікамі. Упершыню за шматлікія гады ўлады не даводзілі да апазіцыі гатовае рашэнне, а вялі дыялог. Прадстаўнікі Менгарвыканкама паведамілі, што рашэнне будзе прынятае з улікам сённяшняй сустрэчы і будзе накіраванае заяўнікам Еўрапейскага Марша» , – паведаміў пасля выхаду з Менгарвыканкама Яўген Афнагель
Аднак праз некалькі гадзін апазіцыянера арыштавалі. Такім чынам, улады працягваюць арышты арганізатараў Еўрапейскага Марша, нягледзячы на заклікі кіраўніцтва Еўрапейскага Звязу спыніць рэпрэсіі і дазволіць беларускім грамадзян правесці Марш мірна.
У спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна ўжо знаходзіцца сябра аргкамітэта Еўрапейскага Марша Зміцер Бародка, дэмакратычны актывіст Леанід Навіцкі, праваабаронца Святлана Гарохавік, актывісты грамадзянскай кампаніі «За свабоду» Ігар Балыкін і Ігар Цішко.