Казачнік Пракаповіч
21- 2.11.2007, 14:14
Улады зусім страцілі сумленне. Старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч учора чарговым разам абурыў беларусаў фантастычнасцю афіцыйных статыстычных дадзеных.
Галоўны банкір краіны, вокам не змаргнуўшы, сказаў, што за студзень–верасень гэтага года інфляцыя ў Беларусі склала 5,4%, або 0,6% у сярэднім за месяц. Адгэтуль пытанне: можа, Пракаповіч бярэ прадукты з закрытага размеркавальніка савецкага тыпу, дзе ўсе дэфіцытныя прадукты каштуюць казачна танна? Інакш, як растлумачыць, што ён не ведае пра тое, што ў гэтым годзе цэны на мяса і малако выраслі на 40% (дарэчы, у гэтым прызнаўся нават прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі). За электрычнасць мы сталі плаціць на 23,1% больш, за газ – на 23 працэнты, за паслугі ЖКГ – на 10,1%, на праезд у транспарце – на 15,1 працэнты, праезд на таксі даражэе на 20%, сметанковае масла ўжо падаражэла на 80%, а алей вырас у цане ў два разы!
Адкуль у кіраўніка Нацбанку такія нерэальныя лічбы? На гэтае пытанне прэс-цэнтра Хартыі’97 адказвае вядомы эканаміст Леанід Злотнікаў.
«Ёсць пэўная методыка разліку цэн, якая і дае гэты індэкс інфляцыі. І ёсць спецыфіка разліку. Мінстат мае «кошык» з 350 найменняў тавараў і паслуг. Але ўвесь фокус у тым, то ўваходзіць у гэты кошык? Напрыклад, цяпер Міністэрства эканомікі штомесяц выдае зборнік «Цэны на спажывецкіх рынках Беларусі». У гэтым зборніку вы знойдзеце, што ў жніўні ялавічына на касцях каштавала ў Беларусі 7 500 рублёў, свініна таксама прыкладна 7 500 рублёў. Вы, як спажывец, ходзіце на рынак або ў крамы і, напэўна, не купляеце мяса ці каўбасы толькі па гэтай цане. А вось у тым спажывецкім кошыку, які ёсць у Мінстата, толькі такія прадукты. Гэта так званыя сацыяльна-значныя тавары. І дзяржава сочыць за цэнамі на іх, таму ў кожнай краме вы такое мяса знойдзеце, таму што кантралюецца, каб яно было, і каб яно было таннае. А тое, што шматлікія тавары падаражэлі – гэта ўсё роўна. Галоўнае, каб «трымалі» вось гэтыя танныя тавары», – раскрывае эканаміст «сакрэты» фармавання спажывецкага кошыка ў Беларусі.
Такім чынам, «па Мінстаце» могуць жыць толькі вельмі бедныя людзі. «Людзі, якія спажываюць малако з нізкай тлустасцю ў поліэтыленавых пакетах, хлеб масавых гатункаў, на якія цэны дагэтуль больш-менш трымаюцца, людзі, якія апранаюцца ў самую-самую танную вопратку. Хоць, калі нармальна апранацца, ужо не знойдзеш нічога таннага. Большасць людзей не купляюць замест мяса сала з касцьмі, з шкурай і жыламі. Мінстат улічвае толькі самыя нізкаякасныя прадукты», – гаворыць Злотнікаў.
Эканаміст адзначае, што ў разліках Мінстата «вельмі шмат фокусаў»:
«Там вельмі шмат фокусаў, шмат тонкасцяў. Ёсць пэўная метадалогія, вось яны па гэтай метадалогіі і «пляскаюць». Самі супрацоўнікі Мінстата прызнаюць, што для таго, каб адлюстраваць рэальную карціну, трэба мець індэкс рознічных цэн. Калі браць увесь спектр тавараў для ўсіх катэгорый насельніцтва, насамрэч атрымліваецца: не вер вачам сваім, таму што тут нейкае дзікае разыходжанне…», – гаворыць эксперт.
Верагодна, афіцыйная статыка дае няправільныя дадзеныя не толькі пра ўзроўні інфляцыі, але і пра рост ВУП і іншыя паказчыкі?
«Паказчык ВУП працуе толькі для рынкавай эканомікі. У яго асаблівасць такая: ён павінен паказваць, наколькі прыбыткі грамадства змяняюцца. У нас ацэнка ВУП ідзе вытворчым метадам. Гэта значыць, калі тавары лягуць на склад – усё роўна. Потым, які ён ВУП? Скажам, дзве машыны легкавыя сутыкнуліся, пабілі адна адну. А потым іх адрамантавалі. І вось гэты аб'ём рамонту пойдзе ў ВУП. Калі трубы ўвесь час перакладаць, якія цяпер іржавеюць і лопаюцца ў вялікай колькасці, або калі вымасцілі дарагой пліткай увесь горад, – гэта таксама ўваходзіць у ВУП. Вось так яно і складаецца – ВУП. З таго, што марнуе дзяржава, што марнуе насельніцтва, што марнуюць прадпрыемствы на аднаўленне і мадэрнізацыю фондаў. Хоць, калі, напрыклад, будуем шмат дарог, палацаў, шмат масцім дарог пліткай – гэта не значыць, што расце тая частка, якую спажывае насельніцтва», – адзначае эксперт.
Па словах Злотнікава, калі эканоміку не рэфармаваць, то неўзабаве беларусаў чакае яшчэ большае падаражанне – у два, а тое і ў тры разы.
«Мой прагноз адзіны: цэны будуць расці. Калісьці, яшчэ гадоў 10 таму я напісаў, што з прычыны таго, што ў нас ёсць пратэкцыянізм, з прычыны таго, што вельмі неэфектыўныя вытворчасці і, калі растуць цэны на рэсурсы, якія мы спажываем, то будуць расці і цэны на прадукцыю. Таму што застаецца гэтая неэфектыўная вытворчасць. Элементарны прагноз. Калі цэны на харчаванне будуць разы ў 2-3 вышэй за суседнія дзяржавы, людзі зразумеюць, што мы захоўваем неэфектыўную эканоміку. Калі цяпер не ўсё падаражэла ў два разы, то хутка падаражэе ў два разы. Гэта тое, што мне было зразумела з самага пачатку», – сказаў эканаміст.
Так што не распавядаеце нам казак, спадар Пракаповіч! Ці вы спажываеце прадукты выключна з свайго «кошыка» для жабракоў?