29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідэр «Нейра Дзюбель»: Мы нікому не прадаваліся

15

"Мы нікому не прадаваліся, і цану нам ніхто не прызначаў", – заявіў БелаПАН лідэр групы "Нейра Дзюбель" Аляксандр Кулінковіч, каментуючы вынікі сустрэчы групы вядомых беларускіх рок-музыкаў з кіраўніком галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Алегам Пралескоўскім, якая адбылася 21 лістапада.

"Цяпер нас крытыкуюць за нібыта прагучаўшую фразу пра тое, што мы не будзем іграць на мітынгах апазіцыі. Можа, я ў запале няправільна выказаўся, але такой фразы проста не было! Прагучала фраза Пралескоўскага: "Хлопцы, не лезьце ў палітыку". І менавіта з гэтай фразай мы пагадзіліся", – сказаў А.Кулінковіч.

"Я не вельмі веру ў тое, што пасля сустрэчы з Пралескоўскім раптоўна што-небудзь зменіцца. Я не наіўны чалавек. І усё, што адбылося ў апошнія гады (закрыццё клубаў, забарона і адмена канцэртаў), гэта ненармальнае. Ненармальная нават сама сустрэча з Пралескоўскім, калі службовец Адміністрацыі прэзідэнта павінен "разруліваць" сітуацыю з музыкамі", – лічыць лідэр гурту.

"У мяне няма ілюзій з нагоды таго, што ў беларускай рок-музыцы ўсё будзе добра, – дадаў А.Кулінковіч. – Апошнія ілюзіі разбіліся сёння праз тыя патокі бруду, якія на нас цяпер выліваюцца за тое, што мы здзейснілі ўчынак. Я сапраўды лічу гэтую сустрэчу ўчынкам. І цяпер, калі я бачу фразы тыпу "я сціраю вашу музыку з свайго кампутара", разумею, што гэта – не мой прыхільнік. Гэта людзі, якія слухаюць не нашу музыку, а "пазіцыю", якую яны самі сабе прыдумалі. "N.R.M.", "Крама", "Нейра Дзюбель" – мы засталіся пры сваёй пазіцыі, а ад нас хочуць, каб мы былі тупымі, ішлі кудысьці пад нейкімі сцягамі, куды нас пакліча невядома хто".

"Так, мы пайшлі на дыялог, – падкрэсліў лідэр гурту. – Зразумейце, музыкам надакучыла ваяваць, прычым я не ведаю, з кім мы ваюем. Мы ўсе любім Радзіму, а наша стаўленне да ўлады – гэта стаўленне да ўлады грамадзян, а не музыкаў. Я вельмі моцна хачу выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю на свабодных выбарах, а не на канцэртнай пляцоўцы".

Ён таксама паведаміў, што падчас сустрэчы музыкі адказалі адмовай на прапанову арганізаваць канцэрт "Рок за Беларусь". "Мы сказалі Пралескоўскаму, што гэта палітычны лозунг, а ён сам прасіў нас не лезці ў палітыку", – сказаў А.Кулінковіч.

"Я ні за якія грошы не буду іграць пад чырвона-зялёным сцягам. Я лічу сваім сцягам бел-чырвона-белы, але і пад ім я спяваць не хачу. Я хачу спяваць пад чыстым небам", – падкрэсліў музыка.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках