Кім былі правакатары на акцыі 4 лістапада?
3- 6.11.2007, 16:45
Беларускі Хельсінскі камітэт намерваецца правесьці грамадзкае рассьледваньне адносна правакацыяў падчас Сацыяльнага маршу 4 лістапада. Выконваючы абавязкі старшыні камітэту Алег Гулак кажа, што ёсьць факт парушэньня заканадаўства, таму неабходна прыцягнуць да адказнасьці правапарушальнікаў.
-- Падчас акцыі невядомыя маладыя людзі несьлі фашысцкія сімвалы й выкрыквалі лёзунгі, потым яны справакавалі бойку. Зразумела, што гэта бяспраўныя дзеяньні. На колькі нам вядома, да іх ня мелі дачыненьня арганізатары мерапрыемства. На нашу думку, міліцыя ў гэтых абставінах паводзіла сябе неадэкватна. Яны былі абавязаныя прыняць меры па спыненьні гэтых дзеяньняў і прыцягнуцьвіноўных да адказнасьці. Па нашых зьвестках, па гэтым факце пратаколаў не складалася. Мы паспрабуем правесьці гэтак званае грамадзянскае рассьледваньне. Мы, канешне, ня можам замяніць сабою праваахоўныя органы, ды й ня ставім такой мэты, але можам дапамагачы ім, згодна з законам, разабрацца ў сытуацыі, -- паведаміў Гулак.
Нагадаем, 4 лістапада падчас мінання калоны Сацыяльнага маршу на скрыжаванні вуліц Якуба Коласа і Сурганава ў Менску група маладых людзей, апранутых у чорнае (50 чалавек), аддзялілася ад агульнай калоны ўдзельнікаў і наладзіла бойку на падарожнай частцы. Шмат хто з іх выкрыквалі фашысцкія лозунгі. Правакатары называлі сябе сябрамі прафашысцкіх незарэгістраваных арганізацый "Белая воля" і "Белая Русь".