Выбаршчыкам Зюганава абяцаюць жыллё па беларускіх цэнах
7- 23.01.2008, 9:42
"Хочаш быць упэўненым, што атрымаеш жыллё, прыходзь на выбары 2 сакавіка і галасуй за Зюганава Г.А.! Пераможа ён – жыллё стане даступным, як у Беларусі!" – такі рэкламны заклік размешчаны на сайце Камуністычнай Партыі Расейскай Федэрацыі. Кіраўнік КПРФ Зюганаў зарэгістраваны ў якасці кандыдата на сакавіцкіх выбарах прэзідэнта Расеі.
А каб падмацаваць дадзены лозунг, на сайце прыводзіцца афіцыйная беларуская статыстыка пра поспехі ў сферы будаўніцтва жылля. Пра суадносіны цэнаў і зарплат у Расеі і Беларусі, праўда, нічога не гаворыцца.
Сёння ж у Расеі разгарэўся скандал – газета "Ведомости" паведаміла са спасылкай на некалькіх функцыянераў КПРФ, што Зюганаў можа адмовіцца ад удзелу ў выбарах, бо яны з'яўляюцца "фарсам". Паводле дадзеных "Ведомостей", у самыя блізкія тыдзень-два камуністы вырашаць, ці варта Зюганаву ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах.
Самі камуністы, па словах іх лідэраў, пытанне аб здыманні лідэра КПРФ Генадзя Зюганава з прэзідэнцкіх выбараў не абмяркоўвалі. Разам з тым, першы намеснік старшыні цэнтральнага камітэта Кампартыі Іван Мельнікаў адзначыў: "Калі будзе працягнутае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурса, [...] калі будзе па-ранейшаму абсалютна няроўны доступ кандыдатаў да СМІ, [...] то мы, не выключана, разгледзім гэтае пытанне".
Лідэр КПРФ з'яўляецца адным з трох зарэгістраваных кандыдатаў у прэзідэнты, нараўне з Дзмітрыем Мядзведзевым, высунутым "Единой Россией", і Уладзімірам Жырыноўскім, высунутым ЛДПР. Да канца тыдня ЦВК РФ разгледзіць пытанне аб рэгістрацыі двух кандыдатаў-самавылучэнцаў – лідэра Дэмакратычнай партыі Андрэя Багданава і лідэра Народна-дэмакратычнага саюза Міхаіла Касьянава.