28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ня стала Кастуся Акулы

Учора ў Канадзе, на 83-м гаду жыцця адышоў у лепшы свет Кастусь Акула, вядомы дзеяч беларускай эміграцыі, таленавіты празаік, паэт і драматург.

Нарадзіўся ён у 1925 г. у вёсцы Верацеі Вілейскага павета (цяпер Докшыцкі р-н Віцебскай вобл.). У 1943 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію, а ў 1944 -- у афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны (БКА).

Ваяваў у Другім польскім корпусе генерала Андэрса 8-й Брытанскай арміі, якая знаходзілася ў Італіі, удзельнічаў у славутай бітве пры Монтэ-Касіна, быў узнагароджаны медалём "За вайну", "Залатой Зоркай Італіі". Скончыў Брытанскую афіцэрскую школу (1946) і ў чыне капрала зноў вярнуўся ў Італію.

Пасля вайсковай службы прыехаў у Англію, а ў чэрвені 1947 г. іміграваў у Канаду.

Кастусь Акула з'яўляўся адным з самых актыўных дзеячаў беларускай дыяспары. Грамадскай працай пачаў займацца яшчэ ў Нямеччыне, працаваў у беларускай газеце "Бацькаўшчына" (Мюнхен). Там жа пачаў пісаць і друкавацца ў розных беларускіх эмігранцкіх выданнях.

У Канадзе шмат часу аддаваў арганізацыі беларускіх суполак, заснаванню царквы ў Таронта, працы ў нядзельных школках, рэдагаванню часопіса "Зважай", супрацоўніцтву з беларусамі ЗША. Кастусь Акула быў адным з арганізатараў Згуртавання беларусаў Канады і яго першым старшынёй. Наладжваў выпуск штомесячнай газеты "Беларускі эмігрант".

У Беларусі і на эміграцыі Кастусь Акула вядомы сваімі празаічнымі творамі -- раманамі "Змагарныя дарогі", “За волю”, трылогіяй "Гараватка".

Дарэчы, Кастусь Акула адзіны з беларускіх пісьменнікаў замежжа, які напісаў раман на англійскай мове "Заўтра – гэта ўчора" ("Tomorrow is yesterday", 1968) пра лёс беларусаў і Беларусі ваеннай і паваеннай пары. Раман зараз рыхтуецца да выдання ў перакладзе на беларускую мову Ірыны Варабей у серыі “Бібліятэка Бацькаўшчына”.

Усё жыццё Кастуся Акулы было прасякнутае любоўю да Беларусі. Ён марыў бачыць сваю Радзіму вольнай, незалежнай краінай і шмат зрабіў для гэтага.

Прэс-цэнтр Хартыі’97 выказвае шчырыя спачуванні родным, блізкім і паплечнікам Кастуся Акулы,

вядомага дзеяча беларускай эміграцыі, чыё ахвярнае жыццё на карысць Беларусі ёсць узорам для ўсіх нас.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках