Амбасадар АБСЕ прапаноўвае «пакрокавае развіццё» адносінаў Еўропы і Беларусі
2- 6.10.2008, 11:38
Кіраўнік офіса АБСЕ у Менску Ханс-Ёхэн Шміт бачыць магчымасці для пакрокавага развіцця адносінаў Беларусі і Еўропы.
"Карысць апошніх палітычных рашэнняў, прынятых у вашай краіне, такіх як вызваленне палітычных зняволеных, правядзенне “выбараў”, якія будуць ацэненыя ў БДІПЧ АБСЕ і абмеркаваныя ў Еўропе, у тым, што існуе магчымасць знайсці спосабы, як крок за крокам і ў канкрэтных галінах развіваць супрацоўніцтва", - заявіў кіраўнік офіса АБСЕ у Менску журналістам.
Амбасадар таксама адзначыў, што "дзейсны старшыня АБСЕ, міністр замежных справаў Фінляндыі наведае вашую краіну, у яго будзе магчымасць сустрэцца з прэзідэнтам, міністрам замежных справаў Беларусі і абмеркаваць пытанні супрацоўніцтва, умацавання адносінаў АБСЕ з Беларуссю".
Ён падкрэсліў выгоднае геапалітычнае становішча Беларусі. "У Беларусі і Еўропы існуюць розныя ўзаемавыгадныя інтарэсы", - лічыць Х.Шміт
Ён падкрэсліў, што Беларусь уяўляе цікавасць з пункту гледжання транзіту энергарэсурсаў, транспартнага транзіту, барацьбы з нелегальнай міграцыяй. "У гэтай галіне ў нас ужо добрае супрацоўніцтва", - канстатаваў амбасадар, падкрэсліўшы магчымасць яго ўмацавання.