Лукашэнка: «Я разлічваю на Біла…»
56
12:26, — Палітыка
Аляксандр Лукашэнка спадзяецца, што магчымае вяртанне ў палітыку былога амерыканскага прэзідэнта Біла Клінтана палепшыць адносіны паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі Амерыкі. Аб гэтым 24 лістапада ён заявіў у інтэрв'ю агенцтву Франс Прэс.
Абраны прэзідэнт ЗША Барак Абама прапанаваў пост дзяржсакратара ЗША жонцы Біла Клінтана Хілары, і яна прыняла яго. Акрамя таго, у новай адміністрацыі будзе шэраг чыноўнікаў з урада Біла Клінтана.
На думку Лукашэнкі, Беларусь і ЗША пачнуць перамовы. «Я разлічваю на гэта. Я разлічваю на Біла», — заявіў беларускі прэзідэнт. Ён распавёў аб сваіх «прыяцельскіх» адносінах з былым прэзідэнтам ЗША.
«Мы хочам нармальнага дыялогу, і думаю, калі Біл папросіць Хілары аб гэтым <…>, яна яго паслухае — яшчэ і таму, што ён адыграў вялікую ролю ў выбарчай кампаніі Дэмакратычнай партыі», — заявіў А.Лукашэнка.
"Калі Еўразвязу і амерыканцам так гэтага хочацца і яны гатовыя нешта прапанаваць нам наўзамен, <…> мы прыбярэм з Крымінальнага кодэкса артыкул аб паклёпе", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі кіраўнік таксама выказаўся на тэму палітычных вязняў. "Мне ўжо даволі-такі надакучыла пытанне аб так званых палітвязнях. Палітычных злачынстваў не існуе, таму не можа быць і палітычных вязняў. Гэта звычайныя злачынцы", — заявіў А.Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў: "Мы іх вызвалілі". "Але калі вы думаеце, што гэтыя палітвязні выйдуць на волю і цалкам зменяць жыццё ў гэтай краіне, дык вы памыляецеся. Яны ўжо вышлі ў тыраж", — цытуе яго "Франс Прэс".
Што датычыць моладзевых актывістаў, якія затрымліваліся на дэманстрацыях апазіцыі, дык, паводле словаў А.Лукашэнкі, яны былі "без прытомнасці і п'яныя", і 10—15 дзён зняволення былі ім неабходныя, каб "ачуняць".
Адказваючы на пытанне аб уплыве сусветнага фінансавага крызісу на эканоміку Беларусі, ён падкрэсліў: "Гэты эканамічны крызіс шмат чаму навучыў, асабліва еўрапейцаў. І еўрапейцы ўсё больш і больш кажуць аб нашай мадэлі эканамічнага развіцця, беларускай мадэлі".
А.Лукашэнка таксама заявіў, што, "калі будзе здаровы, калі ў краіне ўсё будзе ў парадку і людзі будуць ставіцца да яго па-ранейшаму, ён не будзе адмаўляцца ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах".

Фота: Стамбул, сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), лістапад 1999 г.

Фота з архіву
Напісаць каментар (56)
Навіны
па тэме





