Вось такая свабода слова...
23
18:47, — Палітыка
Незалежным беларускім газэтам «Наша Ніва» і «Народная воля» улады стварылі вельмі дзіўныя ўмовы вяртаньня ў дзяржаўную сістэму распаўсюду. Выданьні можна выключыць з распаўсюду ў любы момант, а колькасьць асобнікаў у продажы скарачаць бясконца.
Як паведамляе газэта «Наша Ніва», паводле дамоваў, «Белсаюздрук» і «Белпошта» будуць забіраць сабе 55% ад адпускной цаны.
«Стварыць і выпусьціць газэту намнога цяжэй, чым яе прадаць. На прадукты гандлёвая нацэнка абмежаваная, а тут — спэкулятыўная накрутка. Юрыдычна дамовы складзеныя так, каб газэты можна было вытурыць з распаўсюду ў любы момант, а колькасьць асобнікаў у продажы — абмяжоўваць да бясконцасьці», -- адзначае выданьне.
У дамовах, паводле газэты, прысутнічаюць тры моманты:
1) дамова можа быць разарванай, калі распаўсюд акажацца нерэнтабэльным (уявіце сабе нерэнтабэльнасьць пры 55%-ай накрутцы!), але няма ніякіх крытэраў разьліку той рэнтабэльнасьці,
2) дамова можа быць разарваная пры вяртаньні больш чым за 30% тыража (летась была ўцечка зьвестак пра 50%-е вяртаньне дзяржаўных газэтаў, тым ня менш, усе яны застаюцца ў кіёсках),
3) пры вяртаньні большым за 10% «Саюздрук» мае права скарачаць наклад, які прымае на рэалізацыю.
Вяртаньне — гэта тэрмін для абазначэньня колькасьці непрададзеных асобнікаў. Мэханізму праверкі праўдзівасьці лічбаў вяртаньня няма.
«Нам тры гады манілі пра «эканамічную нямэтазгоднасьць заключэньня дамоваў», то хто будзе верыць цяпер?», - задаецца пытаньннем рэдакцыя «Нашай Нівы».
Дарэчы, «Белсаюздрук» прыняў на распаўсюд абмежаваныя тыражы — напрыклад, на Менск пойдзе ўсяго 2500 экзэмпляраў «Народнай волі» і 1400 асобнікаў «Нашай Нівы». Гэта значыць, у сярэднім менш за 4 паасобнікі на адзін кіёск. Разьмяркоўвацца яны будуць няроўна: дзесьці па 20, а недзе па 2.
«Народная воля» пакуль мае выходзіць двойчы на тыдзень, у аўторак і пятніцу.
Дамовы прадугледжваюць магчымасьць яе пераходу на штодзённы выхад. Няма падрабязнасьцяў адносна акрэдытацыі карэспандэнтаў, магчымасьці для продажу праз крамы ды іншыя умовы для нармалёвай працы СМІ.
«НН», імаверна, вернецца ў шапікі ўжо з наступнага нумару. У той сама час няма пэўнасьці, ці ва ўсіх рэгіёнах адначасова. Падпісны індэкс выданьня унясуць у канец падпіснога каталёгу ад рукі на кожнай пошце.
Нагадаем, застаецца абмежаваным распаўсюд выданьняў: «Новы час», «СНплюс. Свободные новости плюс» (падпіска), «Товарищ», «Борисовские новости», «Витебский курьер-М», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press» (Баранавічы), «Газета для вас», «Бабруйскі кур’ер».
Напісаць каментар (23)
Навіны
па тэме





