Беларуску запрасілі ў Галівуд, але ці выпусцяць яе з Беларусі?
5- 2.12.2008, 12:57
Пераможца першай «Дзіцячай Новай хвалі-2008» мянчанка Крысціна Святлічная атрымала запрашэнне ў Галівуд.
Як паведаміў БелТА мастацкі кіраўнік узорнага тэатра-студыі эстраднага мастацтва «Каларыт» Барыс Асмалоўскі, пад кіраўніцтвам якога з шасці гадоў займаецца таленавітая дзяўчынка, падчас рэпетыцыяў конкурсу ў Маскве да педагога з прапановай аб прыездзе Крысціны на «фабрыку мрояў» падыйшоў прадстаўнік амерыканскай кінастудыі.
Аднак канкрэтныя дэталі паездкі пакуль ніхто не абумоўліваў.
«Разглядаць запрашэнне можна будзе грунтоўна толькі ў тым выпадку, калі прыйдзе канкрэтная прапанова», – сказаў Барыс Асмалоўскі.
Апроч канкрэтнай прапановы прыйдзецца чакаць яшчэ і канкрэтнага дазволу, адзначае «Ежедневник». Беларускіх дзяўчынак у апошні час у Амерыку адпускаюць з вялікай неахвотай. Раптам ім там спадабаецца?