19 траўня 2024, Нядзеля, 2:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі гадоў можна заставацца ў спісе невыязных?

Па словах суддзі Канстытуцыйнага суда, нават калі чалавек праходзіць па крымінальнай справе як абвінавачаны, яго нельга пакідаць у спісе невыязных больш за год. Аднак для таго, каб зрабіць чалавека невыязным, дастаткова рашэння следчага.

З абвінавачанага ці падазронага па справе нават не заўжды бяруць падпіску аб нявыездзе. Следчы проста прымае рашэнне абмежаваць права таго ці іншага чалавека на выезд, і яго прозвішча ўносяць у банк даных невыязных, паведамляе Еўрарадыё.

Суддзя Канстытуцыйнага суда Валянцін Шуклін кажа, што калі нават падазронага па справе і ўнеслі ў спіс невыязных, то гэта не надоўга. “Чалавек не можа быць падазроным год, два ці тры. У адносінах да яго павінна вырашацца пытанне: альбо высоўваць яму абвінавачанне, што ён вінаваты ў чымсьці, альбо не высоўваць. І тады ён не вінаваты”, - падкрэслівае Шуклін.

Калі ж чалавеку высунулі абвінавачанне, то, па словах суддзі, статус невыязнога можа замацавацца за чалавекам на працяглы час. “Калі асоба абвінавачаная, то ў адносінах да яе следства можа весціся і год, і болей. Тады ён мусіць знаходзіцца на месцы”, - тлумачыць Шуклін.

Тое, што невінаватага чалавека пазбаўляюць права на выезд, праваахоўныя органы мала хвалюе. Галоўнае, на думку суддзі, каб патэнцыйны злачынец не пазбег пакарання і не ўцёк за мяжу ад беларускага правасуддзя.

Адказаць, ці будуць на працягу ўсяго часу, які ідзе следства, падазроныя і абвінавачаныя па справе невыязнымі, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення папярэдняга расследавання МУС Аляксандр Ігнатовіч адназначна не змог. Па яго словах, усё будзе залежыць ад канкрэтнай справы і канкрэтнага чалавека.

5 сакавіка будзе 4 гады, як лідэр АГП Анатоль Лябедзька праходзіць падазроным па крымінальнай справе. Але толькі ў апошнія дні 2007 года яго пазбавілі права на выезд за мяжу і ўнеслі ў спіс невыязных. Колькі яшчэ будзе цягнуцца следства і колькі ён будзе невыязным, палітык не ведае.

“Замкнёнае кола, па якім можна хадзіць і 10, і 15 гадоў. Пракуратура, якая акрэслівае юрыдычны бок гэтай справы, кажа, што ў іх няма такіх прэтэнзій, каб абмяжоўваць выезд. Але разам з тым там кажуць, што я застаюся падазроным па крымінальнай справе, якая не завершана. І МУС менавіта на гэта і спасылаецца”, - распавядае Лябедзька.

Доўжыцца следства, па словах праваабаронцы Алены Танкачовай, і сапраўды можа столькі часу, колькі таго захоча следчы. І столькі ж часу чалавек будзе невыязным. “Пакуль справа будзе цягнуцца, асоба будзе ў спісе невыязных. А юрыдычныя межы дазваляюць цягнуць справу, колькі гэта патрэбна следству”, - тлумачыць праваабаронца.

На яе думку, рабіць невыязнымі можна толькі тых людзей, з каго ўзялі падпіску аб нявыездзе. Уносіць жа туды ўсіх, каго захоча альбо палічыць патрэбным следчы, цалкам незаконна.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках