18 траўня 2024, Субота, 22:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Невыязным можа стаць кожны беларус

36

Чакаючы адмены дазваленчага штампа, шматлікія беларусы меркавалі, што выезд за мяжу значна спросціцца. Але ўзніклі новыя складанасці…

З аднаго боку, цяганіны здаецца і менш, чым было да новага года. З 1 студзеня ўжо не трэба афармляць даведкі, адстойваць чэргі ў аддзелах па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў і плаціць грошы за гарантаванае Канстытуцыяй права на свабодны выезд з краіны.

Але, з другога боку, цяпер у беларуса няма ніякіх гарантый, што, выбіраючыся за мяжу па справах або па дарагой пуцёўцы на курорт, ён не будзе вернуты памежнікамі назад, бо яго прозвішча апынулася ў спісе тых, каму часова забаронены выезд з краіны.

У першыя ж дні 2008 года на мяжы штодня выяўлялі да 40 грамадзян, чыё права на выезд часова абмежаванае. Цяпер штодня на мяжы затрымліваюцца з той жа нагоды як мінімум 12-15 чалавек.

Хто ж можа апынуцца ў «чорным спісе»?

Паводле ўказу Лукашэнкі ад 17 снежня 2007 года № 643 «Аб спрашчэнні парадку выезду з Рэспублікі Беларусь» часова абмяжоўваецца права на выезд з Беларусі для тых грамадзян, якія:

- маюць звесткі, якія з’яўляюцца дзяржаўнай тайнай, – да заканчэння тэрміна, адзначанага ў дамове аб допуску да дзяржаўных сакрэтаў;

- падазраюцца або абвінавачваюцца па крымінальнай справе, – да спынення крымінальнага пераследу;

- асуджаныя за здзяйсненне злачынства, за выключэннем асуджаных да пакарання ў відзе пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, – да выканання пакарання або вызвалення ад пакарання;

- ухіляюцца ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу, службу ў рэзерве, – да яўкі на такія мерапрыемствы;

- ухіляюцца ад выканання абавязальніцтваў, накладзеных на іх судом, – на тэрмін, усталяваны судом, але не больш як да выканання абавязальніцтваў;

- якім прад'яўлены грамадзянскі пазоў у судзе, – на тэрмін, усталяваны судом, але не больш як да заканчэння вытворчасці па справе.

Паводле дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў, у дадзены спіс занесеныя каля 100 тысяч прозвішчаў. Аднак назваць дакладную лічбу ў МУС не могуць.

«Спіс увесь час змяняецца. Ён па сутнасці сваёй не можа заставацца нязменным», – заявіў «Белорусским новостям» часова выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Алег Слепчанка.

Ён падкрэсліў, што механізм фармавання банка дадзеных вельмі просты. «За кожную катэгорыю, якой абмежаваны выезд з краіны, адказвае пэўнае ведамства, – растлумачыў ён. – Як толькі чалавек па нейкіх крытэрах трапляе ў поле зроку аднаго з гэтых ведамстваў, адразу ж інфармацыя пра яго аператыўна ўносіцца ў банк дадзеных».

Пры гэтым грамадзяне могуць бясплатна атрымаць у падраздзяленнях па грамадзянстве і міграцыі АУС звесткі аб наяўнасці альбо адсутнасці часовых абмежаванняў на выезд за мяжу. Але гэтая даведка не будзе мець юрыдычнай сілы для памежнікаў, калі на момант перасячэння мяжы прозвішча чалавека апынецца ў спісе «невыязных».

Тут варта адзначыць, што калі першыя чатыры катэгорыі «невыязных» у нарматыўным акце абумоўленыя даволі дакладна (фармулёўкі не даюць магчымасці «вольнай трактоўкі»), то ў дзве апошнія катэгорыі можа патрапіць практычна кожны.

Алег Слепчанка адмовіўся даваць якія-небудзь каментары наконт гэтых дзвюх катэгорый, заявіўшы: «Тут рашэнні прымаюць суды, вось да іх і звяртайцеся за тлумачэннямі. Магу толькі сказаць, што суд кожны выпадак уважліва разглядае. Калі нам прысылаюць інфармацыю па чалавеку, то значыць, менавіта суд прымае на сябе адказнасць за такое рашэнне».

Аднак супрацоўнік галоўнага кіравання судовых органаў Міністэрства юстыцыі, які папрасіў не называць яго прозвішча, адзначыў, што ў гэтыя дзве катэгорыі «хто заўгодна і завошта заўгодна можа патрапіць».

«Безумоўна, гэта не азначае, што па ўсіх грамадзянскіх пазовах людзей не будуць выпускаць за межы Беларусі. Але рашэнне аб часовай забароне на выезд прымаецца на меркаванне суду. Гэта могуць быць справы па аліментах, па нейкіх вялікіх даўгах, грашовых выплатах. Рашэнне будзе прымаць пэўны суддзя, разглядаючы пэўны выпадак», – сказаў суразмоўца.

Тое ж самае тычыцца і катэгорыі грамадзян, якія «ўхіляюцца ад выканання абавязальніцтваў, накладзеных на іх судом». «Гэтая катэгорыя вельмі вялікая – няплаты нейкія, мытныя штрафы, крымінальныя штрафы, адміністрацыйныя выплаты аж да пастаноў ДАІ, то бок, любое абавязальніцтва перад дзяржавай. Але ў любым выпадку будзе індывідуальны падыход», – падкрэсліў супрацоўнік Мінюста.

Варта адзначыць, што на пачатку 2008 года апавяшчэнне аб забароне на выезд з Беларусі атрымаў лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Рашэнне прынятае на падставе крымінальнай справы, узбуджанай у дачыненні яго пракуратурай Менска. Справа была заведзеная на 2004 году па ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні кіраўніка дзяржавы) пасля інтэрв'ю партыйнага лідэра праграме «Зеркало» (тэлеканал «Россия») і публікацыі ў газеце «Народная воля» на тэмы «ценявога бюджэту» і гандлю зброяй.

Па словах палітыка, «вытворчасць па гэтай справе была прыпыненая ў сувязі з немагчымасцю вытворчасці следчых дзеянняў. Падставай для прыняцця рашэння паслужыла невыкананне праваахоўнымі органамі Расеі хадайніцтва гарадской пракуратуры Менска аб аказанні прававой дапамогі». Мера спынення для Лябедзькі не абіралася, абвінавачванне так і не было прад'яўленае, але выезд за мяжу забаранілі.

Аналагічнае апавяшчэнне атрымаў Яраславаў Грышчэня з Баранавічаў – кіраўнік мясцовай пяршоўкі незарэгістраванага «Маладога Фронту». А 17 студзеня быў зняты з цягніка на мяжы з Украінай моладзевы актывіст Барыс Гарэцкі, які накіроўваўся ў Кіеў на семінар па інтэрнэт-журналістыцы.

«Усе гэтыя выпадкі паказваюць, што цяпер ніхто з апазіцыйных палітыкаў не можа быць упэўнены ў тым, што яму атрымаецца перасекчы мяжу, – адзначыў палітолаг Юры Чаусаў. — Аператыўнасць папаўнення гэтай базы дадзеных такая, што чалавек ніколі не ведае, ёсць ён у гэтым спісе ці не» .

Пры гэтым эксперт зважае, што ўказ прапрацаваны дрэнна, а ўмовы папаўнення спісу «невыязных» вельмі размытыя. «Сама фармулёўка «грамадзяне, супраць якіх пададзеныя іскавыя заявы ў грамадзянскім парадку» фактычна з'яўляецца магчымасцю забараніць выезд кожнаму чалавеку, – падкрэсліў Юры Чаусаў. – Іскавую заяву можна падаць па самай фантастычнай падставе, а суд абавязаны ўзбудзіць справу. Адпаведна, ёсць верагоднасць абмежавання права на перамяшчэнне». На думку палітолага, указ дае магчымасць падвойнага тлумачэння, а абароненасць правоў грамадзян залежыць ад падзаконных актаў, якіх «мы пакуль яшчэ не бачылі».

Пры гэтым Юры Чаусаў падкрэсліў, што ў Беларусі назіраецца тэндэнцыя да ўскладнення працэдуры выезду з краіны. «Я чуў пра спісы службоўцаў, якія павінны свой выезд за мяжу ўзгадняць з кіраўніком дзяржавы. А студэнты павінны атрымліваць згоду міністра адукацыі, каб выехаць за мяжу на вучобу або працу, – адзначыў палітолаг. – Гэта прыгонная сістэма. Натуральна, улады не могуць спакойна глядзець на тое, што ёсць людзі, якія свабодна выязджаюць за мяжу. Уладам здаецца, што гэта незаслужанае і трэба гэта спыніць».

Чаусаў адзначае, што такая практыка з'яўляецца часткай «стандартнага цыклу развіцця дыктатуры». «Спачатку ўлады імкнуцца ўсіх нязгодных і незадаволеных адправіць за мяжу, а потым мяжу закрываюць, і права на выезд пачынаюць зрэзаць. У нас ёсць прыклады з гісторыі СССР, фашысцкай Гішпаніі, – сказаў эксперт. – А цяпер Беларусь перажывае этап развіцця, калі права на выезд спрабуюць абмежаваць».

Пры гэтым, адзначае эксперт, для беларусаў змена працэдуры выезду за мяжу супала па часе з сур'ёзным падаражаннем віз на ўезд у суседнія краіны – Польшчу, Латвію, Літву. «Усё гэта стварае перадумовы для ізаляцыі не столькі кіраўніцтва Беларусі, колькі яе грамадзян, беларускага народа. Я думаю, што гэта даволі сур'ёзная праблема. Наступствы для беларускага грамадства могуць быць вельмі прыкрымі», – заявіў суразмоўца.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках