18 лiстапада 2024, панядзелак, 22:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Элізабэт Шродтар: «Саступак не будзе»

«Для беларускіх улад не будзе ніякіх саступак, пакуль не спыніцца таптанне правоў чалавека ў краіне. Недастаткова таго, каб Лукашэнка, гандлюючыся з намі, адпусціў некалькіх палітвязняў», – заявіла ў інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» дэпутатка Еўрапарламента Элізабэт Шродтар наконт рэзалюцыі па Беларусі, якая была прынятая 21 лютага.

– Як Вы можаце ацаніць прыняты дакумент? Што, па-вашаму, у гэтай рэзалюцыі найважнейшае?

– Важна тое, што мы зноў паднялі беларускае пытанне і ўнеслі яго ў парадак дня. Сама ж рэзалюцыя – вельмі дакладны дакумент, які выразна фармулюе праблемы, што існуюць у Беларусі. Мне таксама падаецца важным, што гэтая рэзалюцыя не толькі актуальная, але і арыентаваная на будучыню. Напрыклад, у ёй згадваюцца будучыя парламенцкія выбары, а таксама прымаюцца да ўвагі нядаўнія вызваленні беларускіх палітычных зняволеных і дазвол адкрыць у Менску прадстаўніцтва Еўракамісіі. Акрамя таго, у дакуменце яшчэ раз пералічваюцца тыя крокі, якія павінен ажыццявіць беларускі ўрад, каб пачаць дыялог з Захадам.

– Беларускае пытанне рэгулярна паднімалася ў сценах Еўрапарламента ў 2006 годзе, асабліва пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Цяпер дэпутаты Еўрапарламента пасля некаторага перапынку зноў загаварылі пра Беларусь. З чым гэта звязанае?

– Не, гэта няпраўда, што Беларусь была забытая ў Еўропе на нейкае час. Краіна, безумоўна, знаходзілася пад нашай пільнай увагай, Еўрапарламент паспрабаваў сфармуляваць альтэрнатыўны план дзеянняў для Беларусі. У 2007 годзе мы таксама вызначылі крокі, якія трэба зрабіць Беларусі, каб вярнуцца на дэмакратычны шлях развіцця. Гэта значыць, мы ўвесь час рабілі спробы пайсці на дыялог, давалі рэкамендацыі.

– Такім чынам, рэзалюцыя прынятая, чаго чакаць ад Еўракамісіі, якіх пэўных крокаў у рамках гэтага дакумента?

– Для мяне было важна дамагчыся і падкрэсліць яшчэ раз, што для беларускіх улад не будзе ніякіх саступак, пакуль не спыніцца таптанне правоў чалавека ў краіне. Каб наша пазіцыя стала зразумелая ўсяму беларускаму народу – недастаткова таго, каб Лукашэнка, гандлюючыся з намі, адпусціў некалькіх палітвязняў. Мы настойваем на выкананні ўсіх пастаўленых намі ўмоў. Неабходна таксама, каб беларусы ведалі, што Еўразвяз будзе рэагаваць на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, будзе выносіць любыя праблемы ў гэтай сферы на шырокае абмеркаванне, будзь то новыя выпадкі арыштаў апазіцыянераў або палітыкі, якія застаюцца ў зняволенні. Вельмі важна, каб беларускі народ разумеў той факт, што паміж ЕЗ і Беларуссю няма дыялогу, няма перамоваў таму, што не выконваюцца ўмовы ЕЗ, і што дзеянні ЕЗ у канчатковым выніку не накіраваныя супраць саміх беларусаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках